Перайсці да зместу

Старонка:Сынтакс беларускае мовы (1925).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Словы пацьвярджальныя, адмоўныя і выклічнікі ў сказе агулам называюцца незалежнымі словамі. Усе незалежныя словы ў мове выдзяляюцца пэўнымі перапынкамі ў голасе, а на пісьме аддзяляюцца адпаведнымі знакамі прыпынку.

Увага. Часам выклічнікі толькі памацняюць тое слова у сказе, перад якім стаяць, і не выражаюць ніякага пачуцьця. Тады яны разглядаюцца як звычайнае памацняльнае слова, як, напрыклад: „і“, „нават“, „ажно“ і інш. Асабліва часта памацняльнымі словамі бываюць некаторыя выклічнікі ў народных песьнях, напрыклад: Ой пайду я лугам, лугам! Ой вецер шуміць, ой вецер гудзе!

Задачка 15-ая. Сьпісаць ды падчыркнуць: незалежныя словы-выклічнікі аднэй рыскай, а пацьвярджальныя й адмоўныя — дзьвюма.

Не, ня добра вы, дзеткі, зрабілі! Дружна, з ахвотай, гэй, за работу, брацьця, скарэй! Не, не настане, брат, ніколі супакой між намі! Ну, сынок, служы здаровы! О, мой родны край! хмурна пазіраеш ты з сіняга туману. Эх, як слаўна, як прыгожа, хораша, прыстойна! Ат! зьясі пасьля. Ох, лепей удвох! Люлі, люлі, люлі! прыляцелі куры, селі па вароцех у чырвоных боцех. Охо-хох! калі-б то я мог! Чую, ах чую той неўгамонны расходзісты звон! Так, так, іначай бывала: не называўся забытым мой край (Я. Куп.). Але, прызнаюся: было такое здарэньне. Охо-хох! усё гарох, рэдка каша — беднасьць наша! Эх ты, небарака! То, знаць, па табе ўсё вецер сумуе ў вярбе! (Я. Кол.). Ну, небажаткі, будзем сьнедаць! (Я. Кол.). Ой у полі дымно да курно, за туманам сьвету ня відно! (п.). Куга! я табе ня слуга.

§ 17. Віды простых сказаў.

1. Просты сказ. Сказ, што складаецца з граматычнага злучэньня выказьніка з дзейнікам з даданымі словамі ці без даданых слоў, называецца простым. Напрыклад: Надышла восень. У полі работа скончана. Сонца навукі скрозь хмары цёмныя прагляне ясна над нашаю ніваю. Конік, сошка і араты мерна йдуць па полі. Цяжкая, жнейка, праца твая!

2. Просты кароткі сказ. Тыя сказы, што складаюцца з асноўных часьцін — з дзейніка й выказьніка, называюцца простымі кароткімі сказамі. Напрыклад: