сярэдзінамі, хмаркі. Далёка, далёка цягнулася палоска лесу, заслаўшыся сіняватаю смагаю ні то туману, ні то дыму. Зелёнаю шырокаю паласою, зарослаю мясьцінамі лазою і круглымі зарасьлямі маладога дубняку, раскінуўся паабапал рэчкі луг.
З гэтых прыкладаў відаць, што некаторыя прыдаткі вызначаюцца сваёю незалежнасьцю ды могуць мець пры сабе свае даданыя словы, даданыя часьціны сказу, набліжаючыся такім парадкам да даных сказаў. Такія прыдаткі-азначэньні называюцца азначальнымі прыдаткамі. Яны могуць выражацца назоўнікамі йменнымі, прыметнікамі, дзеяпрыметнікамі: 1) калі гэтыя часьціны мовы маюць пры сабе паясьняльныя словы, 2) бяз гэтых паясьняльных слоў, калі яны адносяцца да асабовага займеньніка або калі зьвязаны з словам, да якога адносяцца, злучнікамі ці прыслоўямі: ці, нават, хоць, як напрыклад і інш.
Таксама акалічнасьць, выражаная дзеяпрыслоўем, калі мае пры сабе паясьняльныя словы, можна назваць акалічнасьцёвым прыдаткам (Гальлё спусьціўшы над парканам, расла тут грушка з тонкім станам).
9) Асобны від незалежных прыдаткаў становяць дапаўненьні, што стаяць поплеч з акалічнасьцю (прычым, звычайна дапаўненьне служыць прыдаткам да слова акалічнасьці), а таксама тыя звароты ў мове, калі адно дапаўненьне, служачы прыдаткам да другога дапаўненьня, не супадае з ім у склоне. Напрыклад:
Там, на гары, стаяў некалі замак. А там, каля агню, варушыліся й бегалі дзеці. Рана ўстала Алёна — да сонца. Раніцай, халадком, ісьці было нішто. Сёньня, 6-га лістапада, дзень маіх урадзін. Заўтра, у чацьвер, пачнецца вучэньне. 12-га сьнежня, у пятніцу, у нас будзе спэктакль. Між узгоркаў, над ракою, выглядае сіратою наша беднае сяло.