у жмуркі!) і пры выклічніку „ну“, калі ён падмяняе асабовую форму дзеяслова: „І ну з ім тузацца“.
Увага. Неазначальная форма (інфінітыў) у сказе. Неазначальная форма дзеяслова — чытаць, пісаць, касіць, магчы, сячы, плысьці, ісьці і інш. — некалі былі дзеяслоўнымі назоўнікамі; яны значылі тое самае, што значаць цяперашнія дзеяслоўныя назоўнікі — хаценьне, цярпеньне, мудраваньне, пытаньне, здарэньне, галадаваньне і інш. Інфінітывы, як і ўсе назоўнікі, скланяліся; як усе назоўнікі йменныя, яны былі ў сказе або дзейнікам, або дапаўненьнем, у залежнасьці ад склону. З часам інфінітывы страцілі здольнасьць скланяцца ды перасталі мысьліцца, як назоўнікі (параўнуй, напрыклад, сучаснае слова „трэба“). Яны сталі ўжо мысьліцца, як дзеясловы, як- бы абярнуліся ў дзеясловы, ды набылі вельмі важную ўласьцівасьць дзеяслова — здольнасьць выказваць, г. зн., быць выказьнікамі.
а) Звычайна інфінітывы выказваюць у злучэньні з асабовым дзеясловам, вытвараючы падвойны выказьнік (хачу есьці), але часам інфінітыў можа быць выказьнікам адзін, без дзеяслова ў асабовай форме (яму ня церпіцца). Такі інфінітыў-выказьнік дапасавацца з дзейнікам ня можа, бо інфінітыў нязьменная часьціна мовы. Звычайна ў сказах з выказьнікам-інфінітывам дзейніка зусім ня бывае.
6) Часта інфінітыў стаіць у сказе на тым месцы, дзе мы хацелі б бачыць дзейнік або дапаўненьне. У такіх сказах інфінітывы стаяць у сваім даўнейшым значэньні, калі яны былі яшчэ назоўнікамі. Напрыклад, у сказе „Займаўся ён ткаць рашоты“ або „Меў ахвоту вучыцца“ мы знаходзім словы „ткаць“ і „вучыцца“ на тым месцы, дзе павінна было стаяць дапаўненьне; даўней гэта й было дапаўненьне — ускосны склон назоўніка, цяперашняга інфінітыва.
в) У сказе „Працаваць кожнаму трэба“ інфінітыў „працаваць“ стаіць на месцы дзейніка; даўней тут і быў дзейнік, г. зн., назоўны склон назоўніка, цяперашняга інфінітыва „працаваць“. Сапраўды-ж, такі інфінітыў — гэта выказьнік безасабовага сказу, а ўвесь безасабовы сказ мысьліцца ўжо, як дзейнік. Напрыклад, у фразе „Век зжыць — ня мех сшыць“ словы „век зжыць“ самі па сабе становяць сказ, але зьяўляюцца дзейнікам у вадносінах да слоў „ня мех сшыць“, якія становяць выказьнік.
г) Інфінітыў часта ставіцца пры назоўніках, прыметніках і дзеяпрыметніках, становячы сабою як-бы дапаўненьне, напр.: здольнасьць разважаць, здарэньне пагаварыць, здольны рысаваць, майстар штукаваць і т. далей. Ад сапраўдных дапаўненьняў гэтыя інфінітывы розьняцца тым, што яны, як дзеясловы, не скланяюцца і ня кіруюцца і, такім парадкам, ня маюць асноўнае прыметы, якая адрозьнівае дапаўненьне ад іншых часьцін сказу. У такіх злучэньнях інфінітыў зьяўляецца скарочаным, або сьціснутым у вадным слове сказам, прылучаным да назоўніка, прыметніка ці дзеяпрыметніка для паясьненьня іх значэньня ў сказе.
д) Здараюцца сказы з сьціснутымі ў адзін інфінітыў некалькімі паасобнымі сказамі, напр.: „Наварэце есьці гасьцей частаваць!“ Гэты сказ можна разглядаць, як зложаны з двух асобных сказаў: 1) „наварэце есьці“, 2) „гасьцей частаваць“; апошні сказ безасабовы з інфінітывам „частаваць“.