Гэта старонка не была вычытаная
Таксама на месцы „які“, „каторы“ знаходзім дзе, напр.: Шчабячы, салавейка, шчабячы, нам дарожачку пакажы: ці да таго двара, дзе нас ждуць, ці да тае гаспожы, дзе мёд п‘юць.
Займеньнік „што“ і прыслоўе „дзе“ ставяцца замест „каторы“ ці „які“ ва ўсіх родах і ліках, бо самі яны ня маюць гэтых форм; „што“ й „дзе“ могуць выражаць і ўскосныя склоны ад „каторы“ нават з прыназоўнікам, напр.:
Сталі яны жыць у той хаце, што летась пабудавалі. А дзе-ж тая крынічанька, што голуб купаўся? Няма таго чалавека, што сказаў-бы яму праўду. Той, што сьпіць. Той, што ў чорнай вопратцы. Вылаяў ён тых хлопцаў, што ў агарод лазілі.
2.хто-той. Даданыя сказы, што злучаюцца з асноўным назоўнікам займенным „хто“, звычайна падмяняюць іменьнік, а часта й дзейнік. „Хто“, як назоўнік, не зьмяняецца ў родах, ён ня мае множнага ліку, а, значыць, не дапасуецца з тым словам, якое паясьняе. У васноўным сказе слову „хто“ адпавядае слова „той“, прычым, яны могуць стаяць у розных склонах і з прыназоўнікам, напр.:
Хто ўлетку халадку шукае, той узімку галадае. Няхай той серадзіць (посьціць), хто на неба глядзіць. Хто дбае, той і мае. У каго ёсьць матка, у таго галоўка гладка. Каму ня ймецца, таму заўсёды лжэцца.
3.што-то. Падобны да даданых сказаў, што пачынаюцца з „хто“, тыя даданыя сказы, што пачынаюцца з „што“. І гэты займеньнік не зьмяняецца ў родах і ня мае множнага ліку. У васноўным сказе яму адпавядае „то“, якое можа й прапускацца. „Што—то“ могуць стаяць у розных склонах і з прыназоўнікам, напр.:
Што будзе, то будзе. Што з возу упала, то прапала. Што вясною ножкаю коп, то зімою ручкаю хоп. Што зямлёю пакрыта, няхай будзе забыта. На што спадзяваўся, таго дачакаўся. На чым стану — не адстану.