Гэта старонка не была вычытаная
Такія даданыя сказы найчасьцей падмяняюць прыметнік, а ў некаторых выпадках і назоўнік. Сюды належаць і такія сказы, што падмяняюць дзейнік і, такім парадкам, стаяць на месцы назоўніка йменнага.
1.Найчасьцей дадана-азначальныя сказы зьвязваюцца з асноўным сказам прыметнікамі займеннымі „каторы“, „які“; гэтыя прыметнікі ўстанаўляюць і лёгічнае, і граматычнае дапасаваньне, дзеля гэтага яны зьяўляюцца найбольш пашыранымі, тыповымі злучнікамі, бо ў жыцьці мы найчасьцей сустракаемся з патрэбаю вызначыць цікавы для нас прадмет, выясьніць тое ці іншае здарэньне ці зьяўленьне.
Прыклады: У моры гаду ёсьць, катораму й ліку няма. Шчыпай, кума, ягадкі, каторы салодкі, а каторы горкі, то для мае жонкі. Замкнуў такімі замкамі, каторых няма і ня будзе мацней. Тады загадаў ён аддаць кавалю таго самага каня, на каторым езьдзіў сам.
У звычайнай мове такія даданыя сказы найчасьцей прылучаюцца да асноўнага словам які; у васноўным яму адпавядае слова такі, напр.:
Якая яда, такая й хада. Які сакавік, такі й красавік. Які дзень, такі й пажытак. Якія мы самі, такія й нашы сані. Якое дзерава, такі й клін.
Усе такія сказы падмяняюць прыметнікі-азначэньні, а часам і выказьнік. У гэтых сказах займенныя прыметнікі „каторы“, „які“ часта падмяняюцца словам што, якое, як назоўнік займенны, не дапасуецца з тым словам, да якога адносіцца, напр:
Суседзі й суседачкі, што ў нашай бяседачцы, хлопчыкі-малойчыкі, кладзеце чырвончыкі! У канцы грэблі шумяць вербы, што я насадзіла. Пакажэце мне тую кветку, што цьвіце зімой і ўлетку. А дзе-ж тая галубачка, што з намі лятала? Павень, ветру, з таго краю, дзе мой мілы, што кахаю.