Злучэньне сказаў адбываецца з дапамогаю тых самых злучнікаў, што служаць і для сувязі аднолькавых, роўнапраўных часьцін у сказе. Такімі злучнікамі найчасьцей бываюць і, ды, а, але, ці, або (альбо) і іншыя.
Вот прыклады на гэтыя злучнікі ў зьлітым сказе: „на стале ляжалі кнігі й сшыткі“ (тут злучнік „i“ зьвязвае дзейнік з дзейнікам); „мы йшлі ды йшлі“ (тут „ды“ злучае выказьнікі); „мы гулялі не на лузе, а ў лесе“ (тут злучнік „а“ зьвязвае адно дапаўненьне з другім); „ён чытаў голасна, але нявыразна" (тут „але“ злучае дзьве акалічнасьці); „мне ўсё роўна дзе жыць — у горадзе ці ў вёсцы“ (тут „ці“ злучае два дапаўненьні); „прадамо карову або каня“ (тут „або“ злучае таксама два дапаўненьні) і т. далей.
Увага 1)Злучнікі „а“, „але“ па сэнсу ня злучаюць, а разлучаюць словы, г. зн., выражаюць тое, што значэньне аднаго слова проціваставіцца значэньню другога слова (ня ты, а я… здольны, але не старанны), але сынтаксычна, г. зн., па сваёй ролі ў сказе, яны злучаюць словы. Таксама злучнік „або“ найчасьцей мае разьмеркавальнае значэньне (мы або вы), але сынтаксычна ён злучае словы. Тымчасам злучнік „і“ зьвязвае словы і сэнсам, і сынтаксычна.
Па сэнсу злучнікі „а“, „але“ можна назваць разлучальнымі, а „і“ — злучальным, а сынтаксычна яны аднолькава злучальныя.
2)часам сустракаюцца ў мове падвойныя злучнікі — „а і“, „але і“, напр.: Я пасьпеў нагатаваць дроў ня толькі на заўтра, а й на пазаўтра.
У такіх разох „і“ перастае быць злучнікам ды абарачаецца або ў прыслоўе з значэньнем „нават“, „таксама“, або ў памацняльнае слова — частку, якое надае большую выразнасьць таму слову, да якога адносіцца. Напрыклад: „І туз часам воду возіць“ — тут „і“ мае значэньне памацняльнага слова. „Няўжо-ж ты й гэтага ня ведаеш?!“ — тут „i“ (й) мае значэньне прыслоўя „нават“ або „таксама“. У такіх моўных злучэньнях, як: „Вот і ўсё!“ „Вот і добра!“ — „і“ памацняльнае слова, а ня злучнік.
3)Калі „і“ служыць памацняльным словам або прыслоўем, то, стаўшы пасьля галоснага перад зычным, скарачаецца ў „й“ (перастае быць складовым, а вымаўляецца зьлітна з папярэднім словам, як звычайны зычны гук), напр.: „То й добра!“ „Галоднаму й пушнінка малінка“ і т. д.
Будучы злучнікам, „і“ скарачаецца толькі ў тых разох, калі злучае аднолькавыя часьціны зьлітага сказу, паміж якімі няма ніякіх іншых паясьняльных слоў, г. зн., у тых разох, калі „і“ злучае голыя аднолькавыя часьціны, напр.: Саха й барана самі не багаты, а ўвесь сьвет кормяць. Ціха й плаўна коцяцца воды. Цемната ўсё гусьцее й гусьцее ды закрывае ад вачэй і поле, і лес. Тут поплеч — кнігі й качкі, і чаплі.