інфінітывы, напр.: „старанна пераглядаць кнігу“ — „старанна пераглядаючы кнігу“; „сустрэць вас неспадзявана“ — „сустрэўшы вас неспадзявана“ і т. далей. Разам з дапаўненьнямі, азначэньнямі й акалічнасьцямі дзеяпрыслоўі складаюць як-бы нешта адно цэлае, хоць і не незалежнае (На чужы лоб шыбаючы, трэба й свой падставіць).
Пахаджэньне дзеяпрыслоўяў. Дзеяпрыслоўі, як паказвае гісторыя мовы, вытварыліся з даўнейшых дзеяпрыметнікаў назоўнага склону ў сказе, дзе яны станавілі другую частку сустаўнога выказьніка ды дапасаваліся з дзейнікам. Напрыклад, вельмі рэдкія цяпер дзеяпрыслоўі на „а-я“ (як мага; еж, што хаця, пры месяцы стоя, ат! ясі пасаля; з рукаўка бяра, вяночак пляла) былі некалі формамі назоўнага склону адзіночнага ліку мужч. й ніякага роду дзеяпрыметнікаў, а дзеяпрыслоўі на „чы“ (ідучы, гукаючы, шукаючы) і на „шы“ (сказаўшы, спалохаўшыся, меўшы) — былі формамі дзеяпрыметнікаў назоўнага склону адзіночнага ліку жаночага роду.
Гэтае склонавае значэньне дзеяпрыслоўяў даўно ужо забыта. Некаторая памяць аб гэтым адчуваецца ў тым, што дзеяпрыслоўі найчасьцей адносяцца да дзейніка (назоўнага склону), але ў беларускай мове яны ўжо могуць адносіцца й да дапаўненьня. Напрыклад: Спаткалі мы чалавека конна едучы. Ці ня бачылі вы войска йдучы?
Тут дзеяпрыслоўі „едучы“, „ідучы“ адносяцца не да дзейніка, а да дапаўненьня (чалавека, войска).
У некаторых безасабовых сказах (Ня ведаючы броду, нельга сунуцца ў воду) дзеяпрыслоўі сталі зусім незалежнымі, безадноснымі, бо ў такіх сказах няма дзейніка, да якога-б цягнула дзеяпрыслоўе, і яно стала зусім незалежным. Такую пастаноўку незалежных дзеяпрыслоўяў мы знаходзім у кніжных зваротах: „па праўдзе кажучы“, „прымаючы пад увагу“, „не зважаючы на тое“, „дзякуючы гэтаму, мы скора вярнуліся да дому“ і т. далей.