Перайсці да зместу

Старонка:Сынтакс беларускае мовы (1925).pdf/238

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
Прыслоўе ў сказе. Прыслоўе-акалічнасьць у сказе звычайна адносіцца да дзеяслова-выказьніка, напр.: жывуць сумесна, лагодна, згодна; ён быў тады хворы, надта рад і т. далей. Але прыслоўе-акалічнасьць можа адносіцца й да іншай часьціны сказу і нават да самой акалічнасьці, напр.: вельмі цікаўная кніга, вельмі хораша выглядае і т. далей. Ва ўсіх разох прыслоўе памацняе тое слова, да якога адносіцца, напр.:
Зноў мароз надыдзе люты. Бор стары завые нудна. Нават ён ня ведае гэтага. Воўк увелькі з сабаку.
б. ДЗЕЯПРЫСЛОЎЕ.

Дзеяпрыслоўі — гэта род прыслоўяў, выведзеных ад дзеясловаў; як дзеяслоўныя формы, яны захавалі некаторыя ўласьцівасьці дзеяслова; яны, напр., паказваюць час, трываньне, залежнасьць ці незалежнасьць дзеяньня. Гэтым яны розьняцца ад звычайных прыслоўяў.

Напрыклад, дзеяпрыслоўі: стоячы, чытаючы паказваюць на цяперашні час, а дзеяпрыслоўі — стаяўшы, чытаўшы — прошлага часу. Формы: стоячы, гаворачы — належаць да незакончанага трываньня, а сказаўшы, прачытаўшы — да закончанага трываньня. Апроч таго, дзеяпрыслоўі могуць выражаць шматразовасьць (пагульваючы, пасьвістваючы), аднаразовасьць (міргануўшы, сьвіснуўшы) і пачынальнасьць (заплакаўшы, засьпяваўшы).

Дзеяпрыслоўі, як і звычайныя прыслоўі, служаць у сказе акалічнасьцямі. Але дзеяпрыслоўі — акалічнасьці асобнага роду: яны выражаюць дзеяньне або стан, час, трываньне. З гэтае прычыны яны зьяўляюцца ў сказе акалічнасьцямі ня простымі, якія выражаюцца звычайнымі прыслоўямі, а акалічнасьцямі асобнага роду. Іх можна назваць акалічнасьцямі дзеяслоўнымі.

Гэтыя дзеяслоўныя акалічнасьці могуць мець пры сабе тыя самыя даданыя часьціны (дапаўненьні й акалічнасьці-прыслоўі), якія маюць адпаведныя ім