Гэта старонка не была вычытаная
д) для абазначэньня прычыны, асновы для чаго-нібудзь, напр.: Відаць (і — відно) па вочках, хто ходзіць па ночках. Я пазнаў яго па вусох, па валасох. Па чым пазнаць ляха? — што на жываце бляха. Па чым пелькі? — па тры капейкі (тут вінавальны склон).
23. подле, паводле, подлуг, паводлуг, водлуг, водле.
У сувязі з прыназоўнікам „па“ знаходзяцца прыслоўі-прыназоўнікі: подле, паводле, подлуг, паводлуг (і паводлуг), водле, водлуг; ужываюцца яны рэдка і злучаюцца з родным склонам у значэньні: згодна з чым, побач з чым, у параўнаньні з чым, напр.:
Подле твае мовы ён праўду кажа. Подле праўды кажу табе. Подлуг твайго слова. Жыта вырасла, паводле леташняга, вельмі харошае. Водлуг тых прылад, якімі гукі вымаўляюцца, іх можна падзяліць… Цені бегалі па зямлі паводлуг таго, як хмаркі засьцілалі сонца.
Гэтыя прыназоўнікі могуць ужывацца не з „па-по“, а з „во“: водле, водлуг з тым-жа самым значэньнем, напр.:
Водле рады твае. Водлуг праўды ня так было. Водлуг волі твае зрабіў.
Прыназоўнікі „подле“, „водле“ ўжываюцца і ў месным значэньні, напр.: Водле рэчкі (каля рэчкі). Ляцелі тры галіцы, селі подле праліцы (прасла).
24. поверх, пасярод. Таксама ў сувязі з прыназоўнікам „па“ (пад націскам „по“) стаяць прыслоўі-прыназоўнікі „поверх“, „пасярод“ у форме вінавальнага склону з гэтым прыназоўнікам. Ужываюцца яны з родным склонам, а „поверх“ і з давальным склонам у значэньні пашырэньня дзеяньня па чым-нібудзь, напр.:
Поверх галавы. Я ня соўнейка, што поверх лесу буду сушыць (п.). Поверх дзярэўю ходзіць, лазіць. Поверх дзярэўю ходзіць (кажуць на малога шаляніцу). Пасярод двара. Коні пасярод аўса ходзяць. Стань пасярод нас! Сярод хаты (бяз „па“).