15. кром, акром — больш старасьвецкія; стаяць пры родным склоне: „Кром цябе ніхто ня браў“. Гэты прыназоўнік мае роўнае значэньне з „апроч“.
16. кругом — іменьнік у форме прыладнага склону ўжываецца, як прыназоўнік, таксама з родным склонам, напр.: Кругом хаты ельле, а ў хаце вясельле. Пасталі кругом яго.
„Кругом“ мае тое самае значэньне, што й „вакол“, „навакол“, „навокала“, напр.: У нашага брата кругом хаты мята, а ў хаце багата. У нашага брата кругом хаты рожа, а ў хаце прыгожа.
17. між. Гэты прыназоўнік-прыслоўе ў сучаснай мове найчасьцей ужываецца зьлітна з прыназоўнікамі „за“, „па“, „з-с“: заміж, паміж, спаміж.
Даўней пісалі: „Праўду межы сябе на том далі“. „Прышлі межы земскага мора“. „Межы мужыкоў і нявест“ і т. далей.
Гэты прыназоўнік вытварыўся з слова „межда=мяжа“ ў форме родна-меснага склону і напачатку паказваў месца дзеяньня на граніцы паміж якімі-нібудзь прадметамі. Як прыназоўнік, вытвараны з іменьніка „мяжа“, ён звычайна стаяў пры родным склоне, але цяпер пасьля гэтага прыназоўніка можа стаяць прыладны і нават вінавальны склон таксама з месным значэньнем, напр.:
а) пры родным склоне: Стань паміж нас. Між лісіц кабан вісіць (вушакі ў дзьверах). Узяў паміж ног. Між беленькіх бярозак талалайчык брэша (язык).
б) пры прыладным склоне: Між курнымі хатамі хадзілі сьвіньня. Два вепры між сабою б‘юцца-сякуцца, аж пена з іх цячэ (жорны).в) пры вінавальным склоне на пытаньне „куды?“: Папаў між молат і накавальню. На пытаньне „дзе“ будзе прыладны склон: Лёг паміж намі. Паміж імі стала нязгода.