Такія сказы зьяўляюцца найбольш важнаю і найбольш пашыранаю формаю нашае мовы. Бываюць сказы, як мы бачылі вышэй, з аднаго слова (Сьцямнела. Ратуйце! Пожар!); у вапошнім прыкладзе — „Пожар!“ — няма нават дзеяслова, але такія сказы рэдка ўжываюцца ў мове. З імі мы пазнаёмімся потым, калі будзем гаварыць пра розныя формы сказаў у мове. Раней-жа трэба азнаёміцца з складам звычайнага сказу, дзе ёсьць дзеяслоў у васабовай форме, дапасованы да назоўніка йменнага ў назоўным склоне.
1. Выказьнік. Асноўнае значэньне ў сказе маюць словы не называльныя, а выказальныя — ня тыя, што называюць, а тыя, што выказваюць. Такім выказальным словам звычайна бывае дзеяслоў у васабовай форме. Мы бачылі, што якраз такі дзеяслоў і абарачае моўнае, або граматычнае, злучэньне слоў у сказ.
Зьмяняючыся ў часох, дзеяслоў можа паказаць, калі адбываецца якая-небудзь падзея; зьмяняючыся ў асобах і ліках, ён можа паказаць, з кім гэтая падзея здарылася, а зьмяняючыся ў ладох i станах і маючы трываньні, дзеяслоў можа выразіць яшчэ большыя адценьні нашага мысьленьня. Усе дзеяслоўныя формы разам даюць такое поўнае й дакладнае паняцьце аб падзеях у нашым жыцьці, якога ня могуць даць іншыя часьціны мовы.
Гаварыць ці выказваць што-небудзь без дзеяслова можна толькі ў некаторых выпадках, аб якіх будзе гутарка пасьля.
Кожная часьціна сказу мае свой уласны назоў, які даецца ёй па яе значэньню ў мове.
Асабовая форма дзеяслова, адна ці ў злучэньні з іншаю часьцінаю мовы, называецца ў сказе выказьнікам. Напрыклад: Поўнач пеўні пракрычалі. Гасьне корчык на камінку. Глуха лес гамоніць. Рад любавацца я кветкай убогай. Касцы сталі касіць. Жыта было каласістае.