Перайсці да зместу

Старонка:Сынтакс беларускае мовы (1925).pdf/203

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прыслоўі, як: „пяшком“, „сілком“, „кумілём“ зьяўляюцца закасьцянелымі формамі прыладнага склону адзіночнага ліку ад забытых цяпер іменнікаў: „пяшок“, „сілок“, „куміль“. Таксама прыслоўе „проша“ (проша ў хату! проша закусіць!), як і прыслоўе „конча“ (конча трэба зрабіць), зьяўляюцца дзеяпрыслоўямі цяперашняга часу ад дзеясловаў „прасіць“, „кончыць“, як прыслоўе „наўмысьля“ ад дзеяслова „наўмысьліць“. Але дзеяпрыслоўі цяперашняга часу на „а“ ў беларускай мове адмерлі, а тыя, што засталіся, сталі ўжывацца, як прыслоўі. Адгэтуль і кажуць, што пераважная большасьць прыслоўяў становіць сабою закасьцянелыя формы зьменных часьцін мовы, якія некалі жылі, як асобныя зьменныя словы.

§ 31. Дапаўненьні з прыназоўнікамі.

Разглядаючы дапаўненьні простыя, г. зн. без прыназоўнікаў (§ 30), мы бачылі, а) што часта першапачатковае, звычайна прасторавае, матарыяльнае або часоўнае, значэньне склонаў аслабляецца, так сказаць, выветрываецца, і з гэтае прычыны склон траціць сваю здольнасьць выражаць тыя адносіны, для якіх раней служыў; асабліва гэтая страта выразна выступае ў значэньні меснага склону, які цяпер зусім ня ўжываецца без прыназоўніка; б) потым мы бачылі, што склон без прыназоўніка ў сучасным стане ня можа ўжо дакладна выражаць усіх разьвітых адценьняў з свайго асноўнага значэньня, дзеля чаго вынікла патрэба прыстаўляць да тых ці іншых склонаў розныя прыназоўнікі або ставіць такія склоны ў залежнасьць ад дзеясловаў з прыстаўкамі, бо прыстаўкі ў пераважнай большасьці зьяўляюцца тымі самымі прыназоўнікамі. Такім парадкам вытвараюцца сустаўныя дапаўненьні, або дапаўненьні з прыназоўнікамі.

Трэба яшчэ дадаць, што некаторыя прыназоўнікі, што разьвіліся з прыслоўяў, а ў пазьнейшы час