Перайсці да зместу

Старонка:Сынтакс беларускае мовы (1925).pdf/181

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
ДАДАНЫЯ, АБО ПАЯСЬНЯЛЬНЫЯ, СЛОВЫ.

Азначэньні, дапаўненьні і словы акалічнасьці называюцца даданымі, або паясьняльнымі, часьцінамі сказу. Яны называюцца так дзеля таго, што заўсёды, у большай ці меншай меры, падпарадкаваны другім часьцінам сказу, — усё роўна як асноўным (выказьніку й дзейніку), так і даданым (іншым азначэньням, дапаўненьням і словам акалічнасьці), напр.: Цэлы гай старасьвецкіх дубоў раскінуўся па беразе рэчкі. У гэтым сказе азначэньне „старасьвецкіх“ залежыць ад слова дубоў, якое само становіць дапаўненьне да слова „гай“, якім яно кіруецца, а азначэньне „цэлы“ падпарадкавана слову „гай“ і т. далей.

Ступень залежнасьці гэтых даданых часьцін розная. Найбольш залежнымі зьяўляюцца тыя даданыя часьціны, залежнасьць якіх ад другіх слоў выражаецца дапасаваньнем: гэта — азначэньні. Меншая залежнасьць тых, што падпарадкаваны другім словам спосабам кіраваньня: гэта — дапаўненьні, але ёсьць шмат дапаўненьняў менш залежных. Найменш залежныя тыя часьціны сказу, што не дапасуюцца й ня кіруюцца: гэта — словы акалічнасьці.

Разгледзеўшы выказьнік і дзейнік, розныя спосабы іх выражэньня, трэ‘ было-б перайсьці да слоў даданых у сказе ды разгледзець асобна словы, што паясьняюць выказьнік, і словы, што паясьняюць дзейнік, а таксама тыя словы, што паясьняюць даданыя часьціны сказу; іначай кажучы, трэ‘ было-б разгледзець паасобна азначэньне, дапаўненьне і словы акалічнасьці. Але дзеля таго, што азначэньнем называецца слова дапасованае (прыметнік ці дзеяпрыметнік), а аб дапасаваньні ўжо гаварылася ў розных мясцох, то можна проста перайсьці да разгляду спосабаў ужываньня тых ці іншых склонаў і галоўным чынам ускосных (дапаўненьняў).