У вапошніх трох прыкладах стаіць форма цяперашняга часу („пазірае“, „пойдзе“, „сядзе“, „сьмяецца“) заместа прошлага часу („пазірала“, „пашла“, „сядзела“, „сьмяялася“).
г) Цікавую асаблівасьць становіць такое ўжываньне прошлага часу: Пад акном белая бяроза тоненька зьвіхнулася (=тоненька ёсьць, зьвіхнулася ёсьць). Мой муж нядуж паехаў на рэчку (=нядуж ёсьць, паехаў ёсьць).
Такія звароты ў мове аб‘ясняюцца тым, што даўней форма сучаснага дзеяслова прошлага часу мысьлілася прыметнікам ды станавіла сустаўны выказьнік з дзеясловам „ёсьць“.
Сустракаюцца падобныя звароты, дзе на месцы формы дзеяслова прошлага часу стаіць цяперашні час, напр.: А я, млода, утамілася — ледзьве йду.
7) Выражэньне ладоў. Асоба, лік і час дзеяслова ўстанаўляюць сувязь дзеяслоўнае прыметы з дзейнікам (суб‘ектам), але дзеяслоў мае яшчэ такія формы, што выражаюць і якасьць гэтай сувязі або адносіны паміж дзеяслоўнай прыметай і дзейнікам; іначай кажучы, дзеяслоў мае яшчэ такія формы, што могуць выражаць: 1) просьбу, загад, перасьцярогу або вымаганьне тае асобы, катора гаворыць, — прычым, такая форма паказвае другую асобу, да каторай зьвернена гэтая просьба, загад, перасьцярога ці вымаганьне; 2) жаданьне ці пажаданьне, каб тое ці іншае дзеяньне або стан адбыліся, або якую-небудзь умову, пры якой можа адбыцца дзеяньне ці стан, а таксама мэту або залежнасьць аднаго дзеяньня ад другога і т. далей.
Такая ўласьцівасьць дзеяслоўнай формы выражаць загад, просьбу, умову ці што падобнае называецца ладам. Згодна з гэтай уласьцівасьцю дзеяслоўнае формы, ладоў можа быць толькі два: загадны' і ўмоўны.