Перайсці да зместу

Старонка:Сынтакс беларускае мовы (1925).pdf/134

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кам выказальнасьці (прэдыкатыўнасьці) зьяўляецца дзеяслоў, як адзіная часьціна мовы, якая можа выразіць выніканьне прыметы.

Разгледжаныя раней (§ 17,6) зачатачныя, як-бы эмбрыональныя формы сказаў, што складаюцца з аднаго толькі назоўніка йменнага (Пожар!), гэтаму не супярэчаць. Покі такія формы сказаў, як „Пожар!“ „Даволі!“, выражаюць нашае першае ўражаньне ці пачуцьцё, то яны абыходзяцца без дзеяслова; але калі гэтае пачуцьцё дойдзе да нашае сьвядомасьці, то яно ўжо выражаецца формай звычайнага сказу з дзеясловам: „пачаўся пожар“, „даволі цярпець“ і т. далей.

Такім парадкам, хоць у іншым сказе няма навочнага дзеяслова, але ён мысьліцца або, прынамсі, адчуваецца быцьцё дзеяслоўнасьці; часам гэта дзеяслоўнасьць не пасьпела толькі напоўніцца пэўным зьместам, каб выразіцца словам, як у наступных прыкладах:
„А каб цябе!“ „А бадай цябе!“ „Сонца за лес, крыкса за лес, а дзіцяці спаць“. „Адзін з сошкай, а сямёра з ложкай“. „Заяц як дасца аб пень дый дагары нагамі“. „Кінуў ён мяшок, а сам наўцекі“. „Мядзьведзь з дуба далоў ды якраз на ваўка“. „Гарыць сабе павуціньнё, а салома хоць-бы што“.

Сувязь дзеяслоўнага выказьніка з дзейнікам выражаецца дапасаваньнем асабовых канчаткаў дзеяслова з дзейнікам — назоўнікам іменным.

1. Формы выказьніка.

Выказьнік можа быць просты, сустаўны й падвойны.

a) Простым выказьнікам называецца такі, што выражаецца адным дзеясловам у васабовай форме. У пераважнай большасьці гэта — асабовы дзеяслоў (я чытаю, мы косім, пастух трубіць), але бываюць выпадкі, калі просты выказьнік выражаецца неазначальнай формай дзеяслова (яму ня церпіцца).