Назоўнік іменны „стол“ ці „дурань“ рысуе нам толькі адзін прадмет, а прыметнік „сталовы“ ці „дурны“ — можа азначаць шмат прадметаў і нават непрадметныя паняцьці.
Калі трэба звузіць, абмежаваць паняцьце, што выражаецца прыметнікам, то прыметнік прымае розныя йменныя ўстаўкі, напр.: багаты—багатыр, худы—худак, сьляпы—сьляпак, дурны—дурак, дурань, добры—дабрак і т. далей (Багатыр дзівіцца, чым худак жывіцца).
Поплеч з такімі назоўнікамі йменнымі, што вытвараны з прыметнікаў, у ролі дзейніка часта ўжываюцца і звычайныя прыметнікі. Некаторыя старыя прыметнікі з кароткімі йменнымі формамі, што падмянялі некалі назоўнікі йменныя ва ўсіх выпадках і ў ролі дзейніка, цяпер ужо мысьляцца, як назоўнікі йменныя і нават захавалі сваё старое скланеньне: Барысава, Барысаву, Барысавам, (у) Барысаве, як: роў—рова, рову, (у) рове або стала, сталу, (на) стале і т. д.
Сюды належаць, напрыклад, назовы тых нашых гарадоў, што маюць форму прыметнікаў з скарочанымі (іменнымі) формамі, напр.: Пінск, Барысаў, Смаленск, Мсьціслаў, Віцебск, Слуцак, Полацак, Менск, Друцак і шмат іншых.
Большасьць гэтых назоваў-прыметнікаў ужывалася з словам „горад“ (у значэньні: горад пінскі, як дом бацькаў=горад Барысаў=пояс Адамаў, — на пытаньне „чый прадмет?“), і усе яны былі прыметнікамі адносна-прыналежнымі, але паступова слова „горад“ забылася або не называлася, і такім парадкам гэтыя прыметнікі сталі на месца назоўнікаў ды абярнуліся ў назоўнікі йменныя, чым засталіся й дагэтуль, як-бы закасьцянелі ў гэтай форме. Наадварот, калі заместа слова „горад“ называлася ці мысьлілася слова „места“ (=город, адгэтуль: мястэчка, маленькі горад), то тыя самыя прыметнікі мужч. роду прымалі форму ніякага роду на — о (не пад націскам — а): Менска, Віцебска, Луцка і т. далей.