Як відаць з выказьніка-дзеяслова прошлага часу, што зьмяняецца ў родах, іменны характар гэтых лічэбнікаў паступова траціцца, бо выказьнік пры іх ставіцца ў ніякім родзе, які ня рысуе нам ніякага пэўнага прадмета, напр.: прайшло, мінула пяць, шэсьць, дваццаць год.
Здараецца (але ў літаратурнай мове ня ўжываецца), што пры лічэбніках 5, 6 і далейшых стаіць назоўны склон іменьніка; у такіх разох лічэбнікі мысьляцца ўжо, як прыметнікі-прыдаткі (§ 27, б, 8), напрыклад: пяць гады, шэсьць капейкі, восем хаты, дзевяць валы, дзесяць мяшкі, 11 вазы, 13 коні; на версе ляжалі дзесяць грывенькі грошай.
Пры такім ужываньні гэтых лічэбнікаў выказьнік-дзеяслоў можа стаяць і ня ў множным ліку, напрыклад: расьце шэсьць дубоў (дубы).
Страта лічэбнікамі свае ўласьцівасьці кіраваць спасьцерагаецца ўжо ў старасьвецкай беларускай мове, як відаць з пісаных дакумэнтаў.
Усе назоўнікі лічэбныя лічныя, што ўжываліся некалі ў ролі дзейніка ды мелі форму назоўнага склону, цяпер вытвараюць безасабовыя сказы ды стаяць, заместа назоўнага, а) або ў родным склоне (У каго гэта ў вас косіць шасьцёх касцоў?), б) або ў месным склоне з прыназоўнікам „у“, вытвараючы з гэтым прыназоўнікам нібы прыслоўе, якое дадаецца да асабовага займеньніка, напр.: „Ішлі мы ў двох, у двух“, „сабраліся ў дваццацёх“, „прышлі ў дзесяцярох“.
3) У народнай мове, асабліва ў казках, здараецца лік дзевяткамі й дзесяткамі, напр.: трыдзевяць каней, трыдзевятае царства; у тэй каморы стаіць трыдзевяць сталы дубовых, у трыдзесятым царсьцьве і т. далей.
4) Лічэбнікі зборныя, будучы дзейнікамі, звычайна ставяцца ў форме ніякага роду адзіноч. ліку: абое рабое, але выказьнік можа дапасоўвацца па сэнсу, напр.: абое галюсенькі; найчасьцей-жа выказьнік стаіць у ніякім родзе: „Усе коні пакралі, адно засталося шасьцёра“.