най большасьці парны лік y творна-прыладным склоне маюць тыя словы, што азначаюць прыродныя парныя прадметы, хоць часам у парным ліку ставяцца назовы прадметаў няпарных, напрыклад: плячыма, вушыма, дзьвярыма, грашыма, нагама й рукама — вельмі рэдка. Разумеецца, усе пералічаныя формы ўжываюцца і ў звычайнай форме творна-прыладнага склону множнага ліку, напр.: вушамі—вушмі, плячамі, дзьвярамі—дзьвярмі, грашамі—грашмі і т. д.
Кожны просты (двухчленны) сказ складаецца з дзейніка й выказьніка, прычым, як дзейнік, так і выказьнік, могуць мець пры сабе даданыя (паясьняльныя) словы — дапаўненьне, азначэньне і розныя акалічнасьці.
Дзейнікам называецца слова, якое называе вытворцу прыметы (дзеяньня ці стану), якая азначаецца выказьнікам, або зьмяшчальніка тэй уласьцівасьці, якая яму прыпісваецца.
Такім парадкам, дзейнік зьяўляецца граматычным паказальнікам дзейніка (суб‘екта) — сапраўднага ці ўяўнага, а выказьнік называе дзеяньне ці стан дзейніка. Прычым, з граматычнага боку ўсё роўна, ці будзе дзейнік сапраўдным дзейнікам, як пры дзеяслове з пераходным значэньнем (разбойнікі забілі чалавека), ці ўяўным пры дзеяслове залежнага значэньня (чалавек забіты разбойнікамі).
Дзейнікам можа быць толькі прадмет, значыць, і граматычным дзейнікам можа быць толькі назоўнік іменны, што азначае прадмет. Але калі мова складаецца так, што трэба толькі паказаць на прадмет, не называючы яго, або калі няма магчымасьці ці патрэбы называць яго, тады назоўнік іменны падмяняецца іншымі часьцінамі мовы. Але іншыя часьціны мовы могуць выступаць у ролі дзейніка толькі ў тых разох і тады, калі яны абарачаюцца ў назоўнікі