Уводзіны.
Адзінае мовы няма і быць ня можа. Кожны народ выражае свае думкі ў сваёй уласнай мове. А мова кожнага народу мае свае асаблівасьці — свае асобныя гукі, свае словы, сваю асобную зьмену й злучэньне слоў, — адным словам, мова кожнага народу мае свае асобныя спосабы й сродкі для выражэньня сваіх думак у размове. Гэтыя спосабы й сродкі называюцца фактамі мовы і дасьледжваюцца граматыкай кожнай паасобнай мовы.
Значыць, кожная мова мае сваю асобную граматыку. Граматыка можа быць ангельскае мовы, мовы францускае, нямецкае, польскае, беларускае, расійскае, украінскае, турэцкае, японскае і т. далей.
Граматыка беларускае мовы дасьледжвае тыя спосабы й сродкі, якімі беларускі народ выражае свае думкі, сваё мысьленьне, свае пачуваньні ці перажываньні.
Мова кожнага народу звычайна складаецца з паасобных гутарак, гаворак, або дыалектаў. Школьная граматыка знаёміць нас толькі з фактамі літаратурнае мовы, г. зн., з фактам: агульна-прынятымі, як найбольш пашыранымі; факты паасобных гутарак становяць прадмет дасьледзін асобнай навукі аб мове (дыалектолёгіі).
Літаратурная мова складаецца з фактаў паасобных дыалектаў, але гэтыя факты стылізуюцца, гармонізуюцца, як гармонізуюцца, напрыклад, народныя песьні. Стылізацыя, або гармонізацыя, народных