Старонка:Сусьветная гісторыя 2.pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

збаўленьня Францыі. І запраўды: вызваліўшы ад Ангéльцаў Орлеан (1429), яна зусім зьмяніла ход вайны, збудзіўшы ў дэльфіна падупаўшую веру ў сябе і жаданьне дзейнасьці. Энтузіазм, якім быў захоплены ўвесь народ, перамог партыйную нязгоду, і, пасьля некалькіх пабéд францускіх войск над Ангéльцамі, Жанна д'Арк увяла дэльфіна ў Рэймс ― месца каранацыі францускіх каралёў. На жаль, пераз год, пры няўдачным нападзе на ангельскі табар каля Комп'éнь, Жанна д'Арк лучыла ў палон. Кароль VІІ, каранаваны на караля, ізноў лучыў у бязьдзейнасьць, а духоўны суд з біскупам Пётрай Кошонам на чале, каб паказаць пакорнасьць Ангéльцам, засудзіў Жанну д'Арк на сьмерць, як чараўніцу. Яе спалілі на агні ў Руане (1431).

Выступленьне Жанны д'Арк усё-ж-такі выратавала Францыю. Хаця ваенная перавага яшчэ ня раз даставалася Ангéльцам, усё-ж яны, чым далей, балей гублялі грунт пад нагамі. Францускі патрыатызм, раз збудзіўшыся, набіраў усё больш моцы. Кароль VІІ пагадзіўся з бургундзкім князем Піліпам Добрым, які пакінуў Ангéльцаў; дый Парыж самахоць паддаўся ўладзе яго. Ангéльцаў выганялі зусюль, і ў 1453 годзе вайна скончылася сама сабой без формальнага міру (ангéльскія каралі з гэтае прычыны захоўвалі тытул і гэрбы каралёў Францыі ажно да XІX вéку). У руках Англіі на францускай зямлі асталося толькі Калé, якім яны валадалі яшчэ ў працягу сту гадоў, а такжа астравы Джэрсэй і Гернсэй, якія і цяпер належаць да Англіі. Такі шчасьлівы для Францыі канец стагодняе вайны вельмі ўзмацаваў сілу францускіх каралёў.

c) Абсалютнае гаспадарства. Францыя яшчэ даўгі час адчувала насьледкі вайны. У межах яé асталіся дружыны жаўнераў наймітаў, для якіх вайна сталася рамяслом, даючы ім спосаб заробку. З канцом вайны яны сталіся звычайнымі разбойніцкімі бандамі. Кароль VІІ натужаў свае сілы, каб наўперад забясьпечыць ад іх насяленьне. Яму ўдалося вельмі добра наладзіць фінансы Францыі; ён завёў векавітыя падаткі, якія зьбіралі каралеўскія ўраднікі. Векавітыя даходы з падаткаў далі яму магчымасьць удзержаваць і векавітае войска. Войска складалася спачатна з 15 кампаній (companіes d'ordonnance) ― па 600 коньнікаў у кожнай. Гэта было першае векавітае войска ў Эўропе на мяжы сярэднявечча і новых часоў. На сынодзе ў Бурж (1438) францускае духавенства, згодна з прынятай тады прагматычнай санкцыяй, сталася блізу зусім незалежным ад папы і адгэтуль падлягала каралю. Гэтак кароль стаўся запраўдным і паўнапраўным валадаром Францыі; у яго руках была і вайсковая сіла, і падаткавая сыстэма, дык і ня было патрэбы зварочавацца да Генэральных Станоў.