Старонка:Сусьветная гісторыя 2.pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

фальнай аркай было скляпёнае ўглыбленьне, абсыда, дзеля вышэйшага духавенства, з біскупскай катэдрай пасярэдзіне. Галоўную наву пераразала папярочная, творачы разам з ёй як-быццам крыж. Мрамарныя калённы, на якіх апіралася верхняя часьць будоўлі, лучыліся наверсе паўкруглымі аркамі. Вокны былі малыя, зьверху паўкруглыя. Столь плоская, драўляная, з разьбой. На другім канцы, насупроць аўтара, былі сéні. Перад сьвятыняй ― з боку ўваходу ― быў нанадворак, акружоны калённадай; пасярэдзіне была студня дзеля абмываньня верных. Калі завёўся звычай ужываць званы, каля цэркваў воддаль стаўлялі званьніцы.

Гэтак на аснове рымскага будаўніцтва вытварылася будаўніцтва стара-хрысьціянскае. Цэрквы сьв. Паўла, сьв. Лаўра і сьв. Клемэнса пад Рымам ― вось памяткі старавéчных базылік; хаця шмат разоў іх палілі і руйнавалі, усё-ж яны адбудоўваліся ў спачатнай пастаці, карыстаючыся ўцалеўшымі часьцямі.

Пад зусім іншым культурным уплывам разьвілося будаўніцтва ў Візантыйскай імпэрыі. У васнове візантыйскага будаўніцтва ляжала групіроўка бакавых наваў навакол цэнтральнае, якая прыймала форму квадрату. Над гэтым квадратам быў вялікі купал, залочаны і пакрыты мозаікавымі прыборамі, а да яго ляпіліся меншыя купалы — чатыры, ці больш, адпавядаўшыя бакавым навам. Сьцéны сьвятыні ўнутры прыбіраліся мрамарнымі плітамі розных колераў. Унутраная пышнасьць і багацьце сьвятыні былі знакамі багацьця і шчодрасьці імпэратарскага двара. Найслаўнейшая і найхарашэйшая будоўля ў гэтым стылі — гэта храм сьв. Софіі, пабудаваны ў Царгорадзе імп. Юстыніянам (цяпер мэчэт). Нямала падобных будоўляў і на Захадзе, як: царква сьв. Віта і грабніца Тэадорыка Вялікага ў Равэнне, ды ў асноўных рысах ― царква сьв. Маркі ў Вэнэцыі і сьв. Марыі ў Аквізгране.

З прычыны таго, што Арабы, заваёвуючы хрысьціянскія краі, спачатку пераварочавалі хрысьціянскія сьвятыні ў сваé мэчэты, а пасьля будавалі новыя паводле такіх узораў, ― арабска-маўрытанскі стыль набраўся многа візантыйскіх рысаў. Гэтак мэчэт Омара ў Ерузаліме пабудаваны цьвёрда дзяржучыся візантыйскага пляну ― квадратнае цэнтральнае навы з галоўным купалам. Маўрытанскі стыль апрача таго мае фантастычныя аркі, багатыя і густоўныя арабэскавыя прыборы па сьценах і арыгінальнае формы скляпеньні. Найважнейшыя складовыя часьці мэчэту прадстаўляюць: абгароджаны калённамі панадворак дзеля умываньня, заля для малітвы з нішай, амбонай і закратаванай лёжай для чытаючага каран, урэшце, вузкая вежа-мінарэт, з якой муэдзін прыпамінае верным аб часе малітвы.