Старонка:Сусьветная гісторыя 2.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

(родам з плямя Хэрускаў) лёгка было намовіць іх да паўстаньня проці Рымлян. Армінь служыў некалі ў рымскім войску і ведаў, што маючы на ўвазе вайсковую сілу і мудрую рымскую палітыку, бароцца гэтым непрыяцелем можна толькі хітрыкамі. Вось, ён разам з іншымі апрацаваў плян разьбіцьця рымскага войска. Апрача таго, ён патрапіў здабыць вéру да сябе ў рымскага намесьніка Варуса, дзякуючы чаму ведаў аб усіх плянах Рымлян.

У 9-ым г. па нар. Хр., калі Варус варочаўся ў свой галоўны табар ля сярэдняга Вэзэра, Армінь на чале Хэрускаў акружыў яго зьнячэўку сярод яраў і равоў у Тэўтабурскім лесе. Тут Германцы зусім чыста разьбілі рымскае войска; згінулі тры легіоны разам з ваяводамі. Гэтая наўдача была сьмяротным ударам рымскаму валадарству на правым беразе Рэйна. Пасьля гэтага дарма Рымляне стараліся вярнуць сабе ўтрачаныя землі. Частыя паходы проці Германцаў сына Друзавага, Германіка, у часы Тыбэрыя (ў 14, 15, 16 г.г. па Нар. Хр.) напару бывалі ўдачны Рымлянам, але ізноў замацаваць рымскую ўладу на ўтрачаных землях не маглі. Урэшце Тыбэры зусім вывеў адтуль сваё войска і гэткім парадкам зрокся свайго валадарства за Рэйнам. Аднак, войны з Германцамі вяліся і пазьней, у часы Марка Аўрэлія, які ваяваў ля Дунаю.

§ 3. Жыцьцё Германцаў.

1. Народны характар. Як Рымляне, ваюючы з Цымбрамі, сустрэліся першы раз з германскімі народамі, яны зьдзівіліся і спалохаліся, бачучы перад сабой вялікіх і дужых «барбараў» з сьветла — рудымі валасамі і сінімі вачыма.

Слаўны рымскі гісторык Тацыт, адначасьнік Флявіяў і Траяна, хваліў здаровую прастату жыцьця Германцаў і ганіў хваравітае, немаральнае, расхлябанае жыцьцё Рымлян. Важнейшымі цнотамі Германцаў былі: дзікая адвага на вайне, любасьць волі і вернасьць.

Паказаваў, аднак, Тацыт і загану характару Германцаў, як п’янства і гульня ў косьці. Мужчыны займаліся толькі вайной і паляваньнем. Калі яны і не ваявалі і не палявалі, дык праводзілі час гуляючы і банкятуючы. Жанкі ня толькі даглядалі хатнюю гаспадарку, але таксама гаспадарылі і на полі.

2. Палітычны і грамадзкі лад. Найвышэйшая ўлада ўва ўсіх грамадзкіх справах належыла да ўсяго народу. Усé вольныя мужчыны кожнага плямя прадстаўлялі воласьць. Сябры воласьці з аружжам у руках зьбіраліся пад голым небам на народнае вéча дзе́ля разьвязаньня найважнейшых