Старонка:Сусьветная гісторыя 2.pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

папа Грыгор VІІ цьвёрда выступіў проці інвэстытуры духавенства.

Калі біскупы і апаты перавярнуліся ў каралеўскіх вассаляў, а іх абавязкі адносна да караля зраўняліся з абавязкамі сьвецкіх вассаляў, дык каралі, назначаючы іх, давалі ім інвэстытуру, значыць, сымвалічна ўводзілі іх у валаданьне ленамі, дорачы посах і біскупскі пярсьцёнак і прыймаючы выражэньне пакорнасьці і прысягу на вернасьць. Грыгор VІІ забараніў духоўным інвэстытуру і зажадаў, каб біскупа выбірала духавенства і народ дыэцэзіі (эпархіі), а сабé пакінуў права зацьвярджаць выбар. Гэта справа сталася асабліва вострай у Нямеччыне, бо там ад часоў Отта І біскупы і апаты станавілі галоўную апору караля ў яго барацьбе з непакорнымі князямі.

Калі Гэнрык ІІІ памёр, яго сыну, Гэнрыку ІV (10561106), было толькі шэсьць гадоў. Князі, якія неахвотна, пад прынукай падчыняліся ўладзе дужых монархаў, думалі, што вось прыйшоў час, калі можна будзе коштам улады бязьлетняга гаспадара ўзмацаваць сваю ўладу. Гэтак горды кéльнскі арцыбіскуп Ганно зрабіў змову проці гаспадараньня маткі малога Гэнрыка, каралевы Агнешкі. У часе падарожы па Рэйне Ганно захапіў імпэратара, завёз яго да сябе ў Кéльн, а кіраўніцтва гаспадарствам узяў у свае рукі. Аднак, суровы і пануры характар арцыбіскупа адпіхаў ад яго гадунца, каторы ахватней паддаваўся ўплыву другога, ня менш амбітнага, князя Царквы: брэмэнскага арцыбіскупа Адальберта, чалавека вельмі вéтлага, які любіў раскошнае жыцьцё. Апошні, думаючы што малады імпэратар будзе слухаць яго ўва ўсіх справах гаспадарства, абвесьціў яго дарослым год ужо на пятнаццатым годзе жыцьця; аднак, думкі яго ня збыліся, бо князі не дапусьцілі яго да кіраваньня гаспадарствам. У пачатку гаспадараньня Гэнрыка ІV проці яго збунтаваліся Саксоны: Гэнрык ІV з усéнькім сваім дваром жыў у Саксоніі, і яго прыдворныя гэтак абдзіралі і збыткаваліся над народам, што той паўстаў проці імпэратара. Паўстанць неўспадзеўкі абляглі замак Гарцбург, каля Госьляра, дзе быў Гэнрык з сваім войскам. Толькі з вялікімі труднасьцямі яму ўдалося адтуль уцячы. Даўгі час яму прышлося бадзяцца па краі, ажно пакуль не далі яму падмогі паўднявыя князі і гарады; тады ён пайшоў проці Саксонаў, разьбіў паўстанскае войска ля ракі Унструты (1075) і прымусіў прасіць у яго выбачэньня.

Сьледам за гэтым пачалася заўзятая і даўгая барацьба паміж Гэнрыкам ІV і папай Грыгорам VІІ. Калі Гэнрык, згодна з старым звычаем, пачаў назначаць біскупаў, папа супрацівіўся гэтаму і востра зганіў паступак імпэратара. Тады Гэнрык на сынодзе нямецкіх біскупаў абвесьціў выбар папы