Старонка:Ст Пичета Scoriniana.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пісьма. Жыгімонт I, кароль польскі, у гэты час быў апякуном маладога чэскага караля Людовіка. На думку Даброўскага, Скарына таму і пасяліўся ў Празе, што мог карыстацца протэктарствам з боку польскага караля. Калі прыезд Скарыны ў Прагу зьвязваўся з апекай Жыгімонта I над чэскім каралём, дык і ад’езд Скарыны тлумачыўся тым, што ў Богэміі не захацелі прызнаць апякунчых праў польскага караля, і гэтая акалічнасьць прымусіла Скарыну пакінуць Прагу і ад’ехаць у Польшчу.

Калі Даброўскі тлумачыў дзейнасьць Скарыны політычнымі адносінамі Польшчы і Чэхіі і ставіў у залежнасьць ад іх прыезд Скарыны ў Прагу і ад’езд адтуль, — ён ня прывёў, зразумела, ніякіх пэўных даных, якія пераканалі-б чытача ў справядлівасьці яго думак з поўнай яснасьцю[1]. Усьлед за Даброўскім і Ліндэ стаў на небясьпечны шлях фантазый. Пад пяром Ліндэ Скарына перакідаецца з беларуса ў паляка і гэтым польскім пахаджэньнем тлумачацца адносіны Скарыны да Польшчы[2][3]. Думку Ліндэ давёў да недарэчнсьці Вішнеўскі, які, лічачы творы Скарыны «найслаўнейшым творам беларускае літаратуры», цалкам, аднак, аднёс іх да літаратуры польскай. І Ліндэ і Вішнеўскі для доваду сваіх думак ня мелі абсолютна ніякіх даных[4].

Вэрсія аб каталіцкім вызнаньні Скарыны зрабіла пэўны ўплыў на дасьледчыкаў. Так, Навіцкі, робячы Скарыну каталіком, разглядае яго дзейнасьць як пропаганду на карысьць каталіцтва. Па думцы Навіцкага, пераклад бібліі Скарыны зьявіўся таму, што каталіцкая царква імкнулася ад пашырэньня каталіцтва сярод сялянства. З пункту погляду Навіцкага, адносіны каталіцкае царквы да сялянства былі да пэўнай ступені падвойнага характару: то яна дазваляла ўжываць славянскія кнігі для набажэнства, то строга забараняла карыстацца імі. У сувязі з такой політыкай Рымскае курыі, пачалі зьяўляцца новыя пераклады сьвятога пісьма на славянскую мову, да якіх таксама належаць і пераклады Ф. Скарыны. Нарэшце, Навіцкі дапусьціў яшчэ адну памылку: ён зацвярджаў, што кнігі Скарыны былі выдадзены ў Расіі. Гэты бяздовадны артыкул быў толькі адбіткам офіцыйных урадавых поглядаў на мінулае Беларусі, у якіх каталіцтву адводзілася занадта вялікая роля[5].

Такі-ж самы погляд, але яшчэ яскравей выяўлены, яшчэ болей суб’ектыўны і без усялякай крытыкі, адбіўся ў артыкуле Беларуса. Аўтар прасякнуты нянавісьцю да польскае культуры і каталіцтва. Бязумоўна, аўтар ідэолёгічна далучаецца да офіцыйнай урадавай ідэолёгіі, якая праводзілася на Беларусі з такой настойлівасьцю М. Н. Мураўёвым. Аўтар разглядае Скарыну, як агента Жыгімонта I, якога волю ён выконваў, які перакладаў біблію для каталікоў. Усьлед за фантастычнымі поглядамі Даброўскага, і разьвіваючы далей апошнія, Беларус перакінуў Скарыну ў паверанага караля Жыгімонта I пры чэскім каралі Людовіку. Беларус быў знаёмы з раней выказанымі думкамі адносна прыналежнасьці Скарыны да каталіцтва і прысвоіў іх цалкам. Апроч таго, аўтар выказаў шэраг палажэньняў, пацьвердзіць якія дакладнымі адноскамі да крыніц немагчыма. Так, да ліку фантастычных прыпушчэньняў трэба аднесьці думку аб тым, што кнігі бібліі ў перакладзе Скарыны, асабліва некаторыя, выдаваліся

  1. Владимиров. Op. cit., стар. VI.
  2. Linde. Pamiętnik Warszawski, 1815, listopad, стар. 277.
  3. Артыкул у Польскай Вікіпедыі — Pamiętnik Warszawski
  4. Wisniewski. Op. cit. VIII, стар. 466. Е. Ф. Карский. «Белорусы». т. I. Вильна, 1904 г. Стар. 410.
  5. Новицкий. О первоначальном переводе Св. Писания на славянский язык. Киев, 1837. Стар. 56.