абыякасьць. І часта, несьвядома для яго самога, зьяўляецца ў Мікіты прагнае жаданьне моцна прыпасьці да ўсяго таго, што ёсьць на зямлі, напоўніць усю зямлю істотаю сваёю, абхапіць усіх сваёю радасьцю існаваньня, усім сказаць аб ёй.
На кожным кроку зямлі ў жыцьці радасьць. Уваходзіць у Мікітавы грудзі пах сырое зямлі, прэлай ад імху ў кустох, золата падгніўшага лісьця.
Пранізаў пах Мікіту вясёлаю думкаю аб працы каля сырога пяску ў сонечны дзень.
Несьвядома для яго, недзе далей за думкаю, закалацілася ў ім нешта вялікае, глыбокае, падняло яно ўсю істоту над зямлёй, напоўніла вясёласьцю сьвядомасьць аб жыцьці.
Вольнаму чалавеку лёгка на зямлі!..
Сонны голас шурпата паўзе з пад вогнішча праз кусты ў густую раніцу:
— Г-гэ, Мікіт-та-а!.. Дзе ты?!
Круглым каменем падаюць крокі, шморгаюцца па зямлі.
Разам з Мікітам вырастае шырокая фігура рыжага дзядзькі.
Трэ каравыя рукі ад нецярплівасьці дзядзька:
— Гых-ты! Апошняя праца…
Лазяць па кустох галасы:
— Уставай, ты, гэ-э!..
— Паднімайся, Кірыла!
„Уставай, падымайся, рабочы народ!..“