Перайсці да зместу

Старонка:Срэбра жыцьця (1925).pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, — махнуў рукою і ўсьміхнуўся Барыс Іванавіч, — не з маім становішчам па службе слухаць такія рэчы. Я чалавек практычны і сталы.

„Ну, значыць, так і не давядзецца, мусіць, даведацца, хто гэта пра гістарычныя тэмы гаворку разводзіў“, падумаў далей Цэнтразыхер „а цікава было-б пабачыць сталых людзей. Трэба было-б пазнаёміцца з імі“.

На ўсякі выпадак Барыс Іванавіч падняўся з свайго месца і акінуў вокам столікі далей. І раптам сеў, застыўшы на адным месцы. Проста перад ім, за другім столікам, сядзелі рэгістратары папер у яго аддзеле — рэгістратар уступаючых папер Ферапонт Пятровіч Чарнілюк і рэгістратар выступаючых папер Павал Крамінадавіч Чыстапіс — абодва пажылыя і сталыя мужчыны, з акуратна пастрыжанымі чыноўніцкімі бародкамі.

— От табе й раз, — сказаў сам сабе ціха Барыс Іванавіч, — вось з імі то мне якраз тут не хацелася б сустракацца. Нявыгаднае дзела, калі аба мне сярод служачых пойдзе гаворка, што і я п‘ю. На маім месцы трэба лепш усяго выяўляць сябе за чалавека сучасных поглядаў — за чалавека, які ня п‘е, карт ня ведае, у бога ня верыць і ня любіць мяшчанства. А тут яны мяне якраз могуць за куфлямі ўгледзець, гэта проста, значыць, папаўся я перад людзьмі, якія ніжэй мяне стаяць. У старыя часы, калі я слу-