Перайсці да зместу

Старонка:Срэбра жыцьця (1925).pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Раптам голас Рамана стукнуўся ў столь песьняю:

Гэй на по-о-олі ў межа-а-ах
Быльнікі шумяць…

— Гэй, гэй, быльнікі шумяць, — гранулі галасы і моцна выявілі глыбіню чалавечых пачуцьцяў.

У полі сьпявае вецер, вечар прыпаў да зямлі, а кусты шэпчуцца з вясёлай вадою ракі. Ці гэта радасьць, ці смутак у палёх?!..

— Гэта ж гармонік памагае песьні…

— Гэй, р-р-раб‘ята, валі! Раман, пачынай!

Гых, у градах табаку
Ляжыць малец на баку,
Эх!..

Галасы рвануліся ўшыр і ўверх, а гармонік грануў глыбіню вясёласьці.

І такая-ж буйная вясёласьць з радасьцю скінулі з дзядзькі Паўла дрымоту. На момант ускалыхнуліся адным жмутам пачуцьці і думкі. Матнулася ў іх роднае поле, абвеенае вятрамі, агорнутае сьцяною сьпелага жыта. Жыта, як боб, а коні на начлезе, як печы. А ў хаце душна ад ботаў, а сонца, як золата, над зямлёй. Эх, добра, што хоць жыву я на сьвеце…

І толькі шалыгнуў дзядзька Павал з печы, адно бліснуў пятамі, як уюн хвастом у дно саджалкі; стаў пасярод хаты, моцна на зьвяцістых нагах, ды ў захапленьні бязьмежным пачаў даваць махі хлапцом.