рахунку прыслухоўвацца тут да твае песьні. Пагавары трохі, пакуль я зьмялю ды адгэтуль паеду.
Гэта ўсё кінулася ў вочы сыну мельніка — хлапцу Міхасю. Ён часта падыходзіў да Кірылкі і загаварваў з ім…
Цяпер Кірылка, натупаўшыся за дзень у млыне, хроп у смак, працягнуўшы ногі на мяшку.
Мельнік абышоў каменьні, падумаў і вышаў на ганак. Сыры вецер дунуў яму вострым холадам у твар, заблытаўся ў валасох ды шмыгануў зьнячэўку за каўнер. А пасьля мацней загуў у полі. Зьлева ад ракі поле гінула ў сьветлым змроку ды сваім прасторам весела глядзела мельніку ў вочы.
Мельніку ня трэба было кашляць, але дзе было дзець сілу, якая прасілася на двор; хоць-бы крыкнуць, ды няма на каго і чаго І мельнік, кашлянуў:
— Гых, гых!..
Кашаль быў, як звон у вялікі чыгун, і далёка пашоў ён па ветры.
Было весела мельніку. За рэчкай хоць ляжала поле, адышоўшае цяпер ад яго пад усю вёску, але яшчэ частка хутара засталася, застаўся і млын. Млын захаваў за iм важнасьць i гонар. На гэтым трасучым ганку мельнік — важная асоба, як даўней дваранін. Ды гэта ўсё ня важна. Важна пачуцьцё, што тут старшы, што гаспадар…