Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Са сходу ў суседняй вёсцы Панас у Цярэшкаў Брод трапіў акурат на ігрышча.

У вялікай, прасторнай Ашуркавай хаце было душна, накурана, цесна.

Стол з хаты вынесьлі ў сенцы і на стале ў сенцах сядзеў хлапец з дзяўчынаю. Прыкрываючы дзяўчыну палой кажуха, хлапец туліў яе да сябе і, зацягнуўшыся папяроскай, пускаў ёй у твар табачны дым. Дзяўчына адхінала свой твар ад хлапца, хацела рукамі выбіць у хлопца з роту папяроску, а ён стрымліваў ёй рукі, зноў зацягваўся папяросай і абдаваў яе твар дымам.

— Прывыкай, — праказаў хлопец, зьмеціўшы Панаса. — У колгасе ўсім роўнасьць будзе, усе курыць будзем. — І сам зарагатаў. Загэтым праказаў да Панаса: — Праўда, таварыш, га?..

Панас зірнуў на яго, але нічога не адказаў і ўвайшоў у адчыненыя хатнія дзьверы. І стоячы на хатнім парозе, пачуў, як хлапец сказаў усьлед яму:

— Іч, сволач, ужо і гаварыць ня хоча… Угаварвае хлопцаў, каб ячэйку комсамольскую з’організаваць…

Каля дзьвярэй у хаце, каля акна супроць печы гуртам стаялі, прыбраныя па-нядзельнаму, дзяўчаты, чакалі пакуль запросіць хлапец у пару. Каля іх церліся адскакаўшыя, з успацелымі ілбамі хлопцы і багата курылі. Каля сьцен на лаўках сядзелі парамі дзеўкі і хлопцы, пазіралі на тых, што скакалі і пра нешта шапталіся. На самым куце хаты, пад абразамі, сядзелі музыкі. П’яны гарманіст рыўкамі шырока, на ўвесь мех, расьцягваў гармонь і не сьпяшаючыся перабіраў агрубелымі і тонкімі пальцамі белыя, пажоўклыя гузікі галасоў. Гармонь зьдзіўлена, шырока раскрывала складкі свайго меха, піскліва ўскрыквала і зноў зьбірала іх, каб разгарнуць яшчэ шырай. А гарманіст перабіраў пальцамі гузікі галасоў і, схіляючы нізка да гармоні вялую ад віна галаву, услухоўваўся ў яе стомленае дыханьне і здавалася, што за яе крыклівай музыкай ён чуе другую, нутраную яе музыку, больш мілагучную, яму аднаму зразумелую. Побач, цяжка ўздыхаючы охаў бубен і часта знэрвована браскаў, навешанымі на яго лубок, бляшкамі.

Гармонь цяжка ўздыхала, разгортваючы свае складкі і выгінаючыся выкрыквала даўно прывычныя ёй: