Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Клім кінуў іх на стол, на паперы, што ляжалі перад Сідарам. Сідар скінуў кавалкі стружкі на памост.

— Дык ты прыходзь зараз-жа пасьля полудню. — Сказаў гэта, пастаяў хвіліну, штосьці ўспамінаючы, і выйшаў.

Насупроць акна вялікі забудаваны пляц. Яшчэ ўвесну мінулага году пляц пуставаў. На пляцу пасьвілася чыясьці карова, ды яшчэ хадзілі пад наглядам дзяцей дзьве гусі. Пляц зелянеў густой маладой муравой. На мураве гулялі гурбамі дзеці. Гусі шчыпалі мураву жоўтымі дзюбамі, часта, схілялі нізка, над самай муравай свае даўгія, белыя, гнуткія шыі і, выцягваючы іх на ўсю даўжыню сіпелі ў бок на дзяцей.

Улетку пляц вымералі, абгарадзілі шчыльным плотам з дошчак-адпіловак і пачалі вазіць на пляц цэглу, жалезныя рэйкі і лес. Тады-ж і пачалі закладку падмуркаў для новых заводзкіх цэхаў. А пазьней усё лета на пляцу вяліся работы, з кожным днём усё вышэй і вышэй уздымаліся новыя заводзкія сьцены.

Сідар амаль кожны дзень бываў на пляцу і ня гледзячы на гэта, ён заўжды, як ішоў пасьля работы дадому, спыняўся ля плоту і праз вузкія шчыліны паміж дошчак, падоўгу пазіраў на пляц. За плотам доўга рабілі падмуркі. Пасьля доўга, так здавалася Сідару, выводзілі сьцены. Сьцены паступова вырасталі, сьцягвалі прастору пляцу ў няправільны абсечаны трохкутнік і поўнілі пляц сваёй сьвежаю чырваньню.

Паглядаў Сідар на пляц праз плот, аж пакуль ня выглянулі з-за плоту на вуліцу самі сьцены. Тады ў яго зьявілася другая звычка. Калі трэ’ было ісьці каля пляцу, Сідар паціхеньку ішоў тротуарам далей ад пляцу, каб бачыць адтуль будоўлю. Ідучы, сачыў за кожным, хто ішоў па тротуары, сачыў, як той пазірае на будоўлю. Калі ідзе хто і сьцішыць хаду, пазіраючы на будынкі, Сідар тады неўзаметку далучыцца да незнаёмага, пойдзе поруч з ім і запытае, паказваючы на пляц:

— Што, падабаецца?

І калі незнаёмы пытаўся, што там будуецца, Сідар ахвотна тлумачыў:

— Завод, новы завод. Вунь, бачыш, — гаварыў ён спыняючы незнаёмага, каб паказаць на стары заводзкі двор, — там стары завод і не завод, а хутчэй майстэрня, а гэта новыя цэхі будуюць ліцейня, кавальскі, такарны, бляшаны… Сідар спыняўся поруч з незнаёмым