Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Такі ўжо нораў. І Сідар моўчкі ўсьміхаючыся, любаваўся Клімам, чакаў пакуль ён сьціхне.

Самавар засіпеў, забулькаў, здавалася і ён паціху задаволена рагоча з Кліма. Вырвалася з самавару і пашла шызымі слупкамі пара. Клім хуценька схапіў і зьняў з самавара бляшаную настаўную трубу і самавар трохі прысьмірэў, пара з яго пашла павольней.

З крану ў вялікі белы, размалёваны чайнік цёк цурком вар. Клім на карачках стаяў ля самавару і, трымаючыся за кран рукою, пазіраў у сярэдзіну ў чайнік. Там мятусіліся, то тапіліся, то ўсплывалі напаверх цёмна-бурыя чайныя палачкі.

Сідар згарнуў газэту, паклаў яе на край стала і ўсьміхаючыся запытаў:

— Гарбата, значыць, гатовая? А дзе-ж гаспадыня?

— У коопэрацыі дзесьці, а гарбату мы без яе піць будзем, яна потым пап’е, — адказаў Клім.

— А я т’кі прызнацца, з ахвотаю пап’ю, прамёрз трохі, як быў на вуліцы.

Клім паставіў чайнік наверх на самавар, асьцярожна ўзяў самавар за вушы і перад сабою панёс яго на стол. Самавар усё яшчэ вурчэў і сіпеў, дражнячы сваёй цяплынёй. Сідар, схіліўшыся над сталом, узіраўся ў бліскучы самавар. Адтуль, з гладкае бліскучае паверхні яго бакоў усьміхаўся Сідару шырокі, расьцягнуты ўбакі незнаёмы твар. Сідар міжвольна зарагатаў.

— Ты чаго гэта іржэш? — запытаў Клім.

— Убачыў самога сябе ў самавары, вельмі даўно на сябе пазіраў.

— А-а-а-а! хм… знайшоў, называецца работу чалавек. — Клім усьміхнуўся. — А ведаеш, я далібог паехаў-бы цяпер у вёску так на месяц, на другі і здорава там рабіў-бы. Дарэмна беспартыйных не пасылаюць.

— Чаму не пасылаюць? Вось і пашлем, пачакай толькі трошкі. Тады, бацька, навядзеш там парадак.

— І навяду…

Пілі гарбату. Клім наліваў гарбату са шклянкі ў сподачак, падоўгу чакаў, пакуль яна зусім прастыне і тады піў. П’ючы казаў:

— І на заводзе варта-б, як кажуць, парадак нанесьці. Нехапае яго. Нехапае гаспадарскага добрага вока. Хіба толк з нашае