Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А ты бацька, спакайней, не хвалюйся, — праказаў ён, — пра такія скрыўленьні і ў газэце пісалі, за гэта ня хваляць…

— Скрыўленьні… Ты мяне ня вучы, я разумею, што партыя ня так кажа рабіць, але чаму газэта ня вучыць як сьлед рабіць, а толькі аб процантах піша…

— Далібог пашлем, цябе, бацька, на колектывізацыю.

— А думаеш не паехаў-бы? І яшчэ як-бы зрабіў. Лепш, чым вось робяць там многія… На такую справу, раз рэволюцыя поўная ў гаспадарцы, як кажуць, трэба пасылаць людзей з галавою, хто і політыку, але і гаспадарку хто разумее, а ня тых, хто языком толькі добра чэша. А то вось яны і робяць так, што потым і чорт не разьбярэ, хто вінаваты.

— Ды ты пачакай… — Сідар махнуў рукой.

— Чаго мне чакаць?

— Хай лепш робяць, паказаць трэба, а ня так… Ня ўсё спаганілі? Ды каб усюды, дык тады-б усіх там разагнаць варта такіх работнічкаў. Ня ўсюды… А хіба мала?

Сідар зноў адышоў да стала і седзячы спакойна слухаў, ды па слову кідаў у Клімаву гаворку, ахалоджваў яе. Адчуваў ужо і сам Клім, што супакойваецца ён і таму, каб ня здацца адразу, лёгка, ён наўмысьле злосна гаварыў, стоячы над самаварам:

— Усю гаспадарку к чорту зьнішчыць так можна. Ня скажуць толкам мужыку, што да чаго, плявузгаюць, а той думае, што адбіраюць, дык валачэ ўсё на рынак, а потым ні ў яго нічога ня будзе, ні ў калгасе… за дванаццаць рублёў каняку аддае, а то і проста б’е, келечыць, абы каб ня здаць у колгас… Нагаспадарыш з такімі… а каб растлумачылі як сьлед, дык хіба ён рабіў-бы так? Гэтым-бы і шаптуноў розных білі…

Сідар маўчаў і паціху ўсьміхаўся, чакаючы калі Клім выгаварыцца і сьціхне. Ён вельмі добра ведаў Клімаў нораў. Пачні хваліць, што занадта, як Клім злосна пачне хаяць тое-ж, прыдзірацца, шукаць хоць маленькае прычапкі, каб давесьці, што хвалёнае не заслугоўвае пахвальбы. А пачні хаяць сам і што Клім гэтак-жа злосна будзе бараніць. Адчуваючы сябе поўным гаспадаром у ва ўсім жыцьці, што ладзілася навакол яго, Клім лічыў сябе ў праве лаяць тое, што да яго было ня зусім добрым, але лаючы сам у той-жа час не дазваляў хаяць гэнае жыцьцё абы каму другому.