— Дык яно і ня будзе доўга. Вось зараз распалю, дык ён у адну хвіліну закіпіць… самавар гэны фацкі…
Сідар скінуў паліто, павесіў яго на цьвіку на сьцяне і сеў ля стала, а Клім пачаў разуваць левую нагу, каб ботам, як раіў Сідар, распаліць у самавары вугальле. Скідаючы бот, убачыў, на бліскучым носе самаварнага кранту, вісела буйная, сьветлая капля вады і паціху гушкалася, але ня падала. Клім крануў каплю пальцам і яна распаўзлася па пальцы і зьнікла. Хвіліну яшчэ ён моўчкі пазіраў на кран, потым узьняўся, паставіў зьверху на самавар, халяваю ўніз, бот і пачаў ім раздуваць вугальле. А Сідар узяў з зэдліка газэту, разгарнуў на голым стале яе шырокае шэрае палатно і застыў поглядам на радкох густога мутнага шрыфту.
Да Кліма як зашамацеў Сідар газэтай, зноў вярнуліся і нездавальненьне і злосьць на самога сябе. Цяпер яму захацелася ўціхамірыць гэную злосьць на Сідары. Надзяючы бот на ногу, ён праказаў:
— Ненавіджу!.. адно яшчэ ненавіджу я ў нас, што вельмі часта мы праўду не гаворым пра сябе-ж…
Сідар паклаў далоньню на газэту руку і ўзьняў голаў.
— … Самім сабе не гаворым праўды, — працягваў Клім, — і самі ня ведаем потым, што ў нас пад бокам робіцца.
Сідар усьміхнуўся.
— Ты пра што гэта, бацька? —
— А пра тое, што вось на якога чорта круціць перад самімі сабою. У нас-жа, здаецца, гэтага не палагаецца.
— А-а!.. чарговае выступленьне супроць савецкае ўлады… Ну, ну, пабурчы, бацька, — жартуючы прамовіў Сідар, — пабурчы. Што гэта з табой сёньня здарылася?
— Ты мяне, браце, ня страш, як кажуць, што супроць савецкае ўлады, я яе можа больш за цябе люблю, але я вось пытаю цябе, чаму газэты ня пішуць па-праўдзіваму пра тое, што ў нас робіцца?
— Дзе? Што робіцца?
— Дзе? Што? Вось і сам ты нічарта лысага ня ведаеш. А яшчэ, як кажуць, сакратар… Ну, на чорта хаваць? Хаваюць, а з-за гэтага плёткі розныя ідуць, чорт ведае што гавораць вакол і чорт не разьбярэцца ва ўсім гэтым… Тут-жа такая справа, што яе паціхуньку, потайкам ня зробіш, дый няма чаго потайкам рабіць…