Моўчкі селянін падабраў сена, закурыў, завярнуў каля і разьвітаўшыся выехаў з двара. Складаючы ў хлявушку дровы, Клім злаваў на сябе і быў нечым нездаволены. Яго нэрвовала бачанае на рынку. Былі нездаваленьне ў тым, што ён, як яму думалася цяпер, ня змог пераканаць селяніна.
Клім сагрэўся, пачынаў супакойвацца. Каля печы стаяў таўсты, прысадзісты самавар і сьмяяўся з Кліма блескам сваіх гладкіх, халодных бакоў. А Клім напінаўся, выцягваў шыю і, надзьмуўшы шчокі, выдыхаў сабранае ў легкіх паветра ў самаварную трубу. Вугальле ў самавары ўспыхвала нясьмелымі жоўтымі агенчыкамі, але трэскі не загараліся. Стомлены Клім уздыхнуў і сеў каля самавара на памосьце. Хвіліны тры сядзеў так, думаючы, што-б зрабіць, сядзеў таму, што прыемна было пасядзець так спакойна і адпачываць, але хутка самому стала сьмешна, што ён як малое дзіця сядзіць на памосьце, таму зноў узьняўся на каленкі, выняў з кішэні газэту, адарваў ад яе кавалак і трэскай запіхнуў яе ў самавар на вугальле. Папера пачала адразу тлець. З самавару пашоў едкі дым. Тады ён сагнуўся над самай трубою, набраў лёгкімі, як мага больш паветра і выдыхнуў. З самавару хлынуў у вочы Кліму густы едкі дым. Клім, як стаяў на каленках перад самаварам, адхінуўся ад яго, заплюснуўшы вочы і рукамі пачаў праціраць іх. Ад дыму вочы набеглі сьлязьмі.
— Ха-ха-ха!.. Ня ідзець справа!
Клім расплюснуў вочы і павярнуў галаву да дзьвярэй.
На парозе, абапіраючыся на кіёк, стаяў Сідар.
— Ня ідзець, кажу справа! А ты халявай, халявай раздуеш, — параіў ён і падышоў бліжэй, падаў Кліму руку. Клім ня ўстаючы з памосту, як стаяў на каленках, падаў Сідару сваю і, ціскаючы Сідараву руку ў сваёй, прамовіў:
— Нюхалка ў цябе, відаць, добрая, акурат на гарбату засьпеў.
— Дык дзе-ж твая гарбата, калі самавар яшчэ зусім халодны.
— Не разгараецца нешта вугальле, — адказаў Клім, — мусіць сырое.
— А ты ботам яго, халявай яго раздувай.
— Мусіць так і прыдзецца. Распранайся, ды сядай.
— Я не надоўга…