піць ня будзе чаго. Цяпер дорага, а тады ’шчэ і ня так дорага будзе.
— Чаму гэта ты так думаеш?
— Тут і думаць вельмі ня трэба, яно і так ужо відаць. Заганяюць, абагульваюць усё і дабро, і карову, і сьвіньню, і курыцу… усяго чалавек лішаецца: што меў, што век зьбіраў…
— А ты ня выдумлівай ужо так. Ня ўсё-ж абагульваецца, а і тое, што і абагульваецца, дык у колгасе яно-ж тваё будзе, а ня чыё-небудзь.
— Тваё… — селянін гіроічна ўсьміхнуўся, — маё, ды не маё… сваё сала, ды ў чужым кубле, адтуль ня возьмеш, калі захочаш…
— А ты, калі так ужо баішся колгасу, дык і ня ідзі туды.
— Ня ісьці? А каб-жа мяне пыталі, ці хачу я…
— А як-жа? Што-ж цябе сілай хто туды гоніць?
— Тота-ж, што ня пытаюць. Прыдзе, пагаворыць і запісвае, а хто не запісваецца, дык пагражаюць, а то і арыштоўваюць…
— Дык ня можа-ж так быць.
— Ня можа…
— Ці ў вас каго арыштавалі?
— У нас пакуль ніхто ня ідзе. Сход ужо тры разы быў з гэтага поваду, але ніхто ня ідзе… а арыштаваць, у нас яно нікога не арыштоўвалі, а на другіх валасьцях-раёнах, дык кажуць, што і высылаюць ня толькі арыштоўваюць. Усё адбіраюць і высылаюць… — А ты менш слухай таго, што кажуць, — параіў Клім, — а сваёй галавой лепш прыкінь, перадумай, дык і ўбачыш, што не ўцякаць ад колгасу табе трэба, а ісьці туды. Для вашае-ж карысьці колгасы, каб ты лепш жыў, каб ня рыўся, як крот у зямлі, а каб па-людзкому яе апрацоўваў.
Убачыўшы, што Клім ня верыць яму, селянін змоўк і ўжо сядзеў моўчкі, слухаючы Клімаву гаворку. І пазьней, ужо скінуўшы дровы, загортваючы ў газэту пачок махоркі, ён прамовіў:
— Хто яго ведае, грамадзянін, як яно лепей. Можа і сапраўды ў колгасе лепей будзе, толькі трэба, каб яно неяк па-другому, а то людзі баяцца.
— Баяцца няма чаго, думаць трэба, меркаваць.
— Калі-ж вакол гавораць, што гоняць, што ўсё адбіраюць.