— Ну, вось бачыш, скідку атрымаў… я без махоркі паміраю, нідзе яе купіць нельга.
— Хіба ў вас у коопэрацыі не даюць?
— Даюць, ды толькі колгасьнікам, а хто не ў колгасе, таму не.
— Гэтага ня можа быць.
— Вось-жа праўда… сельсавет так загадаў рабіць… везьці куды табе? — запытаў селянін.
— На Савецкую, каля саду…
— Ага… далекавата трохі…
Селянін пугаўём падгроб сена, якое даваў каню, сабраў яго ў жменю, каб пакласьці зноў у мяшок і штосьці заглядзеўся ўбок да завулку. У канцы завулку, перад уездам на рыначны пляц, стаяла хурманка і каля яе некалькі чалавек, заўсёдашніх рыначных абыватэляў. Селянін запхнуў сабранае сена ў мяшок і пакіраваўся ад возу да хурманкі.
— Пайду пабачу, што там такое.
Клім пашоў усьлед за ім.
Падкаваныя жалезам паласы ўзьехалі на голы, ледзь прыкрыты сьнегам брук. Конь напяўся, тузануў сані ў адзін, у другі бок, фыркнуў і стаў. Каня паганяў нізкі, каранасты мужчына. Ён увесь зарос барадою. На лоб, з-пад кашлатай кучомкі-шапкі, навісьлі густыя, даўгія валасы. З-пад армяка вылез і абматаў яго шыю рыжы каўнер кажуха. Барада зблыталася з воўнай кажуха, ускудлацілася. На вусох, на барадзе і на каўняры каля барады іней. Мужчына ўпёрся плячом у сані, сьцебануў каня пугаю раз, другі, трэці. Конь ірвануўся, матнуўся ў бокі, аж сагнуліся аглоблі але не скрануў саней з месца, зноў стаў. На сані ціснула даўгое, цяжкое бярвяно. Мужчына кінуў лейцы на бервяно, пачаў сьцёбаць каня путаю. Пуга ўзьвілася ў каня над галавой, біла яго па сьпіне, па шыі, блыталася ў дузе і гужох, а мужчына яшчэ больш злаваў ад гэтага і зласьлівей махаў пугаю. Конь ад болі тужыўся, браў воз рыўкамі, кідаўся ў бакі. Гнуліся аглоблі, скрыгалі палазы, церлася жалеза аб камень, але сані з месца ня краталіся.
Пуга абматалася вакол дугі і адарвалася. Узлаваны мужчына пачаў біць каня пугаўём. Конь напінаўся, забіраў нагамі пярэднімі дарогу, але някутыя ногі коўзаліся на халодным сьлізкім бруку і конь падаў на каленкі, уздымаўся і ўжо толькі цяжка дыхаючы