і на пляц пазіраюць нясьмела з-за густа зачастаколеных расаднікаў.
3-за хат, з поля, што за ўскраінай, прылятае злосны сіберны вецер, гоніць на пляц сухі дробны сьнег, абсыпае сьнегам людзей, хурманкі, коняй.
З вузкіх завулкаў выпаўзаюць малыя лахматыя сялянскія коні, цягнуць за сабой па сьлізкай гарадзкой дарозе нізкія санныя вазы і цяжка напінаючыся ўспаўзаюць на ўзгорак. Яшчэ ў завулку саскаквае селянін з возу, узіраецца ў залюднены пляц, выбірае месца, кудэй праехаць праз рынак, каб стаць на сваё месца. А рынак ужо з самага ранку жыве сваім уласьцівым яму жыцьцём. Снуюць густа з месца на месца паміж вазоў людзі, прыяжджаюць і ад’яжджаюць хурманкі і растасоўваюцца па рынкавым квадраце, займаюць адведзенае ім месца. Блізка ад вялікай вуліцы Лібкнехта, дзе яшчэ высокія белыя камяніцы, што прышлі сюды ад цэнтру, скучыліся хурманкі з жытам, з бульбай, захаванай у мяшкох, у саломе. Ля хурманак жанчыны з кошыкамі, у якіх куры, яечкі, сыры, цыбуля. Жанчыны і далей радамі аж да сярэдзіны пляцу. У баку ад іх вазы з сенам, з саломай, з кулямі. За імі, побач, рэдкія, нібы выпадковыя яны тут, вазы з дрыўмі. І далей, займаючы амаль палову пляцу, скучыліся хурманкі з прывязанымі да саней каровамі і коньмі. Паміж хурманак блукаюць сьпяшаючыся людзі з кошыкамі. На хурманках сядзяць, або стаяць каля іх, людзі, апранутыя ў бурыя кажухі, у шэрыя зношаныя армякі. Хаваючы ад ветру галовы ў высокія каўняры, яны тупаюць ля саней, каб ня зьмерзьлі ногі і ляніва адказваюць гарадзкім на пытаньні пра цану.
Клім прышоў на рынак, каб купіць дроў. Ён прайшоў праз увесь рынак ад самай вуліцы і цяпер спыніўся ля хурманак, дзе прадаваліся коні і каровы. Пакупцоў і тут было багата. Яны аглядалі каровам вымя, абыходзілі вакол іх, давалі паесьці сена, або пальцамі рух мацалі, ці сытая карова і маркавалі пра яе вагу. Коням падоўгу заглядалі ў зубы, на капыты, на персі, потым сьцёбалі іх путамі, варажылі пра коньскі спрыт, або проста так аглядалі іх стоячы з боку.
Лахматыя сялянскія каровы курчыліся, убіралі ў сябе і так худыя бакі і туліліся да вазоў, становячыся задам да ветру. Коні