Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вось сказаць што-ні-што хочу, душу, як кажуць, аблягчыць хочу, — сказаў ён і пашоў сярод вуліцы поруч з Сідарам.

У вуліцы было пуста, горад засынаў. З далёкага канца кварталу падмігваў цемнаваты ліхтар. Да ліхтара уперадзе ад іх, паціху паўзла ў гору абшарпаная каламашка рамізьніка. Стары рамізьнік сядзеў у перадку сагнуўшыся, а з рукі ягонай нізка, аж за аглюблю, зьвісла лейчына і здаецца Сідару, вось, вось укруціцца яна ў кола, шмаргане рамізьніка за руку і ён прасьнецца. Хацелася крыкнуць рамізьніку, каб той падняў лейчыну, але не зрабіў гэтага. Ішоў побач з канём кульгаючы, шырока заносіў нагу ўправа. Крывая нага пыліла. Конь таксама пыліў ляніва перастаўляючы цяжкія, кашлатыя ля капытоў, ногі. Здавалася, вось, вось спыніцца каламашка, потым пакоціцца назад пад гару і пацягне ўніз за сабою каня.

Як абагналі рамізьніка, Клім яшчэ сказаў:

— Акурат, як мы завод свой выцягваем…

Сідар на гэтыя словы не адказаў нічога. Ён памаўчаў і пасьля запытаўся ў Кліма:

— Ты ня ведаеш, што гэта за новы ў нас на сходзе быў? Бялявы такі, малады.

— Прыслалі яго на днях, у модэльнай работае. Дэмобілізацыя…

Сідар успомніў барак. Барак-больніцу. Каля сьцены стаяў гэны бялявы, махаў гаворачы абвязанай рукою.

— Я, здаецца, ведаю яго, — сказаў Сідар, — разам мы ў больніцы ляжалі пасьля параненьня. Гэта ён. У яго на шчацэ шрам ёсьць…

Зьявілася жаданьне апавядаць Кліму пра тое, як калісьці кінулі ўсе яны халодны барак і ў бараку пакінулі толькі гэтага бялявага. Але нічога не сказаў. Ішоў моўчкі. Клім пазіраў на крывую Сідараву нагу, думаў з чаго пачаць гутарку. Над галовамі ад ветру хістаецца ліхтар, а па зямлі пад нагамі коўзаецца ў бакі цень ад слупа, замінае ісьці. Клім зноў узяў Сідара за руку паддзеўкі і адразу сказаў пытаючы:

— Дык што-ж гэта Сідар, будзе?

— Як што? — запытаў, не разумеючы Сідар.

— Ды з таго вось, пра што цэлы вечар гутарылі.

— З гэтага? Будзе, дзядзька, тое, што трэба, без чато ніяк не абыдзешся.