закалола штосьці ў паясьніцы і яна стаяла выпрастаўшыся, трымаючы ў руцэ засланку, чакала пакуль пройдзе боль. Тады ўбачыла, што па двару ідуць мужчыны п’яныя. Дагадалася, што ідуць з пагрозамі і выпусьціла з рукі засланку. Засланка ўпала на памост пад ногі ёй, забрашчэла іржавай перагарэлай бляхай. Кінулася ў сенцы, каб заперці дзьверы, але не пасьпела. Высокі барадаты мужчына штурхануў дзьверы і расчыніў іх. Яна кінулася назад у хату і стала за парогам, не зачыняючы дзьвярэй. Мужчыны ў хату не пашлі адразу. Высокі спыніўся перад дзьвярыма і зазіраючы ў незаслоненую печ, праказаў:
— Варыш! Злодзея свайго карміць будзеш?
Пакрыўджаная за сына, маці не змоўчала.
— Сам ты злодзей, — адказала яна, — а сын мой сумленны, нічога ў цябе ён ня ўкраў.
— Ні ў мяне, а ва ўсіх нас украў, зямлю нашую ён украў.
Гаворачы, высокі пераступіў парог у хату. Маці адышла ў бок.
— Шукай, хлопцы, цацкі ягонай.
Сам зазірнуў на паліцу, пасьля пад бэлькі. Мужчыны агледзелі кублы ў сенцах, перарылі ўсё ў сундуку ў хаце, на ложках і тады высокі зноў пагражаючы загаварыў да маці:
— Няма? З сабой узяў, думае, што збаімося? Гэта не паможа! Са свае зямлі мы яго прагонім. Па бервяну хату разьнясем, раскідаем, а прагонім…
З хаты мужчыны віхаючыся пашлі праз двор на сьцежку, што вяла ў поле. Як толькі мужчыны вышлі з двара, маці кінула незасланіўшы печ, не заперла хаты, а пералезла цераз плот ля хлявоў, каб ня зьмецілі мужчыны і нацянькі подбежкам пашла ў поле да сына…
Душна Яну. Спацеў ужо і конь. Ля каня круцяцца кучаю сьляпні і авадні, ліпнуць да яго, лезуць яму ў вочы. Конь злосна махае галавою, спыняецца і трэ вочы аб калены пярэдніх ног, або дастае галавою і зубамі хапае за месцы, дзе накусалі сьляпні. Ян тузае лейцамі, сьцёбае каня пугаю і конь ідзе шпарчэй, а за ім плуг кладзе рассыпаючы мяккую зямлю.
Ян у зялёных чырвонаармейскіх штанох. На нагах у яго яшчэ чырвонаармейскія чаравікі, а гімнасьцёрку скінуў, душна, і расшпыліў каўнер у ніжняй кашулі.