Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ды ўсялякія там сышліся.

— Каскевічаў Ян з салдат, ды яшчэ такія…

— Радню ўсю сваю сабраў…

— І каб-жа гаспадары, а то сапсуюць зямлю. Зямля любіць, каб і з яе браць і каб ёй даваць.

— І ўсю зямлю яны ўзялі?

— Яно колькі тае і…

— Усю, усю чыста. Каб-жа сваю частку толькі, а то-ж усю…

— А можа-б вы з імі як памірыліся, га?

— Без загаду вашага нічога ня будзе, яны ня мірацца.

Старшыня памачыў пяро асадкі ў атрамант і пачаў пісаць.

— Я напішу, каб сельсавет у трохдзённы тэрмін законна ўрэгуляваў гэтае пытаньне з зямлёю, на якую вы маеце прэтэнзію… Вось гэта. Сельсавет разьбярэцца і зробіць па закону.

— А як гэта? — запытаў малады.

— Ну, як? — Старшыня ўставіўся поглядам у таго, хто запытаў. — Раз па закону, дык каб ні комуны не пакрыўдзіць і ня вас. Законы, браце, не на сьмех пішуцца. З законамі табе ня жарты…

Старшыня падпісаўся на паперцы і задаволена ўсьміхнуўся.

— Каб ні закон, дык вы пакалечылі-б адзін аднаго з-за гэнае зямлі, а так па закону разьбярэм і ўсё…

— Вось-жа мы прышлі прасіць, каб па закону зрабілі нам.

— Мы не якія-небудзь там, — дадаў Лукаш, — мы век свой па закону жылі…

Лукаш узяў ад старшыні паперку і, разьвітаўшыся, пашоў з габінету. Пашла і ўся дэлегацыя. На дварэ дэлегаты доўга гутарылі паміж сабою. Лукаш нешта тлумачыў ім. А ў той-жа дзень, пад вечар, пад павец, дзе Каскевіч Ян аглядаў старыя паламаныя калёсы, прышоў старшыня Навікоўскага сельсавету і двое панятых. Старшыня быў п’яны. Крыху выпілі і панятыя.

Ня вітаючыся, старшыня сеў на прызьбе каля хаты, выняў з пуралесу паперку, што прынесьлі яму з воласьці і гукнуў Каскевіча. Каскевіч, трымаючы ў пальцах загваздку, вышаў з-пад павеці.

— З чым гэта прышлі? Што добрага скажаце? — запытаў ён.