і таропка бегаючы па ліцейні, разьлівалі ў формы. Гэта даўно было. А цяпер формы разбураныя і пагранка астыла.
У акне адным выбіта шыба. Праз дзірку вецер намёў у ліцейню сьнегу. Сьнег гладкім, хітрым зьвярком ляжыць на чорнай зямлі ліцейні, не баіцца, што хтось прыдзе і патрывожыць яго.
З даху вісяць закапцелыя канцы электрычнага шнура, без патронаў бяз лямпачак.
— Як на могілках, — кажа Сідар. Яму сумна і чамусьці мацней як калі баліць нага. Клім нічога не адказаў на Сідаравы словы, аж пакуль не расчыніў дзьверы ў кавальскі цэх. Тады, як расчынілася халоднае і пустое нутро кавальската цэху, ён азваўся:
— Як на могілках, брат…
І пасьля, прытрымліваючы Сідару дзьверы, дадаў:
— А вось і твой цэх, любуйся…
У Клімавым голасе злосьць.
— Чаго-ж тут любавацца, — адказаў Сідар, — плакаць варта-б.
— Я да таго і кажу, — згадзіўся Клім, — бо радасьці вялікае, як кажуць, няма з усяго гэтага. Некалькі горнаў на днях работалі, тое-сёе рамантуем сялянам… Завод зьвялі да вясковай кузьні… Цьфу!..
Шарэнгаю стаяць халодныя горны. І яны ўжо даўно патухлі. Сідар памятуе свой горан, вось той у самым куце. У горне колішнія дробныя вугалькі з пяском зьмешаны, хтось насыпаў у горан жоўтага пяску. Сідар пальцам капануў вугальле. Яно шчыльна зьлежалася. Калі ўзяў вугаль у пальцы, убачыў, што ён зусім ужо абцёрся, пальцы ў сажу ня мажуцца.
Каля горану кавадла. На зямлі ля кавадлы невялічкія кавалкі іржавага жалеза. Зьверху на кавадле іржавыя жоўтыя плямкі.
— Вугальля нават няма, — кажа Клім, — а то-б мо што і зрабілі.
Пасярод цэху невялікі паравы малаток. Ім кавалі большыя рэчы. Цяпер ён дзюбу сваю тупую падабраў, схаваў у нутро сваё.
— Як на могілках, — паўтарае цяпер ужо Сідаравы словы Клім. — Усё мярцьвецкае, што-ж ён вось малаток гэты бяз пары, бяз пасу…
— Як у нас у мярцьвецкай было, — гаворыць за ім Сідар, —