Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і ўсьміхаўся. Але загаварылі не адразу. Абое маўчалі, абое чакалі адзін ад аднаго пытаньня.

Мікода даў Кліму закурыць і пашоў у кантору. Тады Сідар, не дачакаўшыся пытаньня ад Кліма, хацеў запытаць:

— Ну, як-жа жывеце тут, а?

Але падумаў, што вельмі-ж не падыходзіць гэтае пытаньне і таму праказаў:

— Дык завод, таго, абсеў, маўчыць…

— Маўчыць, адказаў Клім, — і мы ня жывем, а марнеем тут разам з ім… Я, браце, ня ведаю, як кажуць, што робяць і што мне рабіць адным словам, як кажуць, не памойму ўсё ідзе… А тым мо’ паглядзець завод прышоў?.. Хадзем толькі ня будзе з таго табе весялей. Яшчэ ў сталярным цаху тое-сёе робім, ды час-ад-часу ў кавальскім… Завод… Аглоблі робім, драбінкі для калёс, барахло рознае, як кажуць… У модэльнай аглоблі робім…

Модэльная мясьцілася адразу-ж каля складу у невялікім драўляным будынку, а было ў модэльнай цяпер пара варстакоў сталярскіх, ды каля сьцяны куча дошчак. Сталярскі цэх мясьціўся гэтак сама ў асобным драўляным будынку. А пасярод двара даўгі нізкі будынак, цаглыны. Тут мясьціўся кавальскі цэх, ліцейня, такарня і бляшарня.

У сьнягу, каля дзьвярэй ліцейні валяюцца кавалкі жалеза, нейкія, адлітыя даўно ўжо, дэталі. Сідар крануў жалеза кастылём, шчысьціў з яго сьнег і пазнаў дэталь, якую рабілі некалі для малатарні.

— Папрабіраць варта, а то іржавее дарэмна, — праказаў ён.

Клім ня чуў. Ён шырока расчыніў дзьверы і чакаў Сідара.

У ліцейні ціха, халодна і пуста.

«Акурат, як у бараку тады,» — думае Сідар, — «кінулі, паўцякалі ўсе, няма каму даглядаць такога дабра… А як гэта той бялявы, што ён тады рабіў, як адзін застаўся? Яго пэўне перавялі ў другую больніцу, а мо’ і другіх вярнулі зноў у барак?»

У ліцейні, дзе калісь шчыльна радамі стаялі адна ля другой формы, цяпер зямля чорная ўтаптана, па ёй параскіданы валяюцца апокі, яны паіржавелі, псуюцца. Ля сьцяны высокая круглая вагранка. Яна даўно, даўно астыла. І зусім лішней тырчыць «канаўка». У ёй, на дне, застыў кавалачкамі даўні чыгун. А калісь канаўкаю цёк чыгун белым малочным ручаём. Яго набіралі ў вёдры