З людзьмі — як з заводам. Быў завод, а цяпер двор пусты. Неразумею, значыць, я што з гэтага будзе.
— Будзе тое, што завод заводам будзе, а я і без кастыля хутка пайду.
У драўляным доме, ранейшай конторы, зрабілі клюб. Над дзьвярыма, што на вуліцу, на шырокай дошцы намалявана слова «клюб» і яшчэ будынкі і коміны заводзкія. Сідар загледзеўся на шыльду клубную, змоўк. Мікода з кішэні дастаў жменяй табаку, чарэпнуў яе з далоні люлькай і пачаў па карабку чыркаць запалкай. Коўзаецца па карабку запалка, зьдзірае з карабка паперку, што намазана серкаю, і не загараецца. Узяў запалку пальцамі бліжэй да галоўкі, намерыўся, чыркануў. Запалка не загарэлася, а зламалася.
— Цьфу, каб ты згарэла, запалкі людзкай, значыць, ня маем, каб чаго добрага… — Са злосьцю кінуў зламаную запалку ў сьнег, пачаў паціху чыркаць другой.
— А запалі, дык як дась у нос, значыць, дык да нутра пройме, — кажа ён. — Гэта клюб наш, — тлумачыць ён закурыўшы, — сходы тут розныя мітынгі. Сойдуцца бабы, крычаць, крычаць, значыць, што цяжка жыць, ды на тым і сядуць, а ў другі раз зноў пра тое-ж.
Мікода пальцам уціскае памаленьку табак у люльцы і прагна смокча люльку, а зацягнуўшыся, як мага глыбей, выганяе праз ноздрыны дым.
— У цябе, дзядзька, — кажа Сідар, — з ноздрын дым ідзе, як з фабрычнага коміна…
— З заводу ня ідзе дым, — адказаў Мікода, — дык я, значыць, пушчаю так, каб людзі думалі, што з коміну гэта.
І рагоча, выняўшы з роту люльку.
У дварэ, адразу за брамаю, складзкія будынкі заводу. Цяпер на складзе толькі паламаныя часткі варштатаў ды кучаю рознае жалеза і дошкі. У сладзе перабіраў драўляныя брускі Клім. Ён узьняў голаў насустрач Сідару, адкінуў нагою брусок пад сьцяну і пашоў да Сідара, абціраючы крысою падзеўкі рукі, каб павітацца. Кліма столяра Сідар даўно ведаў. Звалі яго на заводзе ня проста Клімам, і не па прозьвішчы, а «клім-бацьвіньне» Сідар успомніў гэта і ветліва заківаў Кліму галавою. Прыўзьняў шапку. Прыўзьняў шапку і Клім і як падыйшоў доўга трос Сідараву руку