Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А як жа ён адзін там, што ён рабіць будзе. Мо’ дрэна, што я вось кінуў так сабе барак і пашоў за другімі, за натоўпам, бо гэта-ж зусім неяк ня так, як трэба было…» — Але як трэ было зрабіць? Сідар ня хоча думаць пра гэта. Холад пачынае са сьняжынамі разам залазіць за каўнер шынэлю і стаяць так дарэмна чаго-ж, прыстанеш толькі. Сідар ведае, што назад у барак ён ня вернецца ўжо, барак апусьцелы абсунуўся пад шырокім нізкім дахам, яшчэ глыбей угроз у сьнягу.

«Няма чаго мне туды назад ісьці, што-ж я там буду. Дома на заводзе мо’ загоіцца хутчэй нага, карысьці больш будзе — думае Сідар, апраўдвае сябе ў думках і паціху перастаўляе ногі, адыходзіць ад бараку.

У вуліцы ўсё яшчэ пуста. Сьпяць, пад нізка спушчанымі крыльлямі дахаў, драўляныя хаты ўскраін, шчыльна пазачынялі ад вуліцы акяніцы, каб не зазірнула хаця ў хату староньняе вока, каб не парушыла як-небудзь спакою іхняга санлівага. Акяніцы ў хатах нізка, акурат супроць локця Сідару прыходзяцца. Локаць дакранецца да акяніцы і Сідар ужо зусім забыўся на барак, успомніў такую-ж нізкую хату на ўскраіне другога гораду, пачаў пра яе думаць. І тады, сьпяшаючыся, пашоў у бок да вагзалу.


Над заводзкай брамай, як і багата год таму назад, вісіць старая, іржавая, пагнутая шыльда. Адна палова яе прыбіта над брамай, а другую палову хтосьці адарваў і загнуў — заламаў яе. Паска іржавае бляхі зьвісла над брамай, яе прысыпала сьнегам. Яна па-маленьку калышацца ад ветру і стрэсвае з сябе сьнег, стукаючы ў браму.

— Вось ужо ў каторы раз думаю адарваць яе, — кажа вартаўнік Мікода, — трывожыць яна мяне, усё здаецца, што нехта на зовод прышоў, ды стукае, але ўсё з галавы выходзіць. Вось так успомню, як застукае, потым зноў запамятую.

Ён пазірае, што Сідар з кастылём прышоў, круціць галавою і кажа:

— Наваяваў, значыць? Быў чалавек, а цяпер што-ж значыць? Што-ж табе вось за гэта будзе, што, значыць, скалечылі цябе?..