скажа, што здарылася. А ён ішоў адтапырыўшы ў бок абрэзак рукі і гаварыў блытана, незразумела. — Дык як-жа гэта, га? Абое зразу… Што ж гэта?.. У два дні ды такое… Каму-ж скардзіцца? Каму-ж гэта, а?.. — І крыху спакайней, як дайшоў да сярэдзіны барака, праказаў яшчэ: — І бацька і маці, абое ў два дні, адразу, што-ж гэта? А тут і сам хутка скалееш…
— Ды дзіва, што скалееш, — азваўся адзін з чырвонаармейцаў, — скалееш і ніякі чорт не пашкадуе цябе. Усе пакалееце, калі так будзеце маўчаць! Закрычалі, а як прышоў доктар, сказаў слова, дык і раскісьлі ўсе, на холад забыліся, паверылі, што хтосьці дроў ім сюды прывязе… А па-мойму, — гаварыў ён далей, — ня слухаць треба, не прасіць, а патрабаваць, каб не марозілі нас. Лесу хапае, куды ні глянь — лес…
Некалькі чалавек падтрымала яго. Тады ўзьняўся Сідар і пачаў, як і доктар, тлумачыць чаму не хапае паліва. Некалькі чалавек закрычала на Сідара:
— Ладна, ты там, чулі ўсё гэта мы, ня раз ужо чулі, заткніся пробкаю!..
Сідар ня ўмее падоўгу тлумачыць, ня любіць гэтага. Таму махнуў рукою і змоўк. Але яго падтрымаў хтосьці з другога канца барака. Той гаварыў хвалюючыся, нэрвова.
— У нас халодна? А ў другіх цяплей хіба? А мо’ няма каму гэтага самага паліва вазіць, бо на фронце ўсе. Гэта разумець трэба. Республіка мо’ нам апошняе аддае, каб мы тут лячыліся, бо абдзіралі яе і немцы і палякі…
Яго выслухалі і змоўклі. Сідараў сусед пастаяў яшчэ крыху, нездаволена махнуў рукою, адышоў і зноў лёг тварам на падушку.
Раніцою на другі дзень чырвонаармейцы праснуліся ўстрывожанымі. З адным з хворых здарыўся прыпадак. Ён пачаў крычаць, ускочыў на ложак і з ложка кінуўся на вакно. У вакне зазьвінелі шыбы, разьбіліся. Вуліца праз забітыя шыбіны дыхнула ў барак холадам, сыпанула густым роем сьняжын. Сьняжыны ляцелі ў барак, кружыліся, клаліся на ложак, на падлогу, мутнелі і зьнікалі, не пакідаючы сьледу. Прыпадачны ўдарыўся аб раму галавой, стаміўся і ўпаў на памост. Яго схапілі сядзелкі і, хто мацней з чырвонаармейцаў, паклалі на ложак. З вуліцы ў вакно ляцелі сьняжыны і з ветрам лез холад, слаўся па бараку сівымі клубкамі. Ся-