На нач чырвонаармейцы абкручваліся коўдрамі і шынэлямі, хаваліся пад коўдрай з галавой, саграваліся і засыналі. А раніцою, праснуўшыся, апраналі шынэлі, чаравікі, сядзелі на ложках і пра рознае гутарылі. Перачытвалі адзін аднаму атрыманыя з дому лісты, успаміналі далёкія вёскі і сваю маладосьць, што прынесьлі адтуль, шкадавалі пакалечаных рук і ног і сваіх маладых цел, неабпешчаных яшчэ жыцьцём.
Праз пяць хвілін пасьля таго, як вынесьлі мерцьвякоў, хворыя чырвонаармейцы пачалі патрабаваць, каб адміністрацыя ацяпляла барак больш, чым да гэтага. Прышоў стары доктар. Ён стаяў сагнуўшыся, устрывожаны, разводзіў шырока ў бакі рукам і тлумачыў, што нічога ня можа зрабіць, бо павінен шчадзіць паліва, якое вось-вось кончыцца.
— Няма амаль ніводнага палена, таварышы, ня прывозяць, — казаў ён, — мусіць няма як прывезьці, — і шырока разводзіў рукі. А ў канцы, хоць і сам мала ведыў у тое, што гаварыць, абнадзеіў:
— На днях павінны падвезьці дроў, падвязуць абавязкова, вось толькі крышку пачакаць трэба, а дроў прывязуць, мы гаварылі ў Рэўкоме… Тады будзем лепей грэць…
Чырвонаармейцы таксама ня верылі ў тое, што хутка падвязуць дроў, але як доктар пайшоў, яны разышліся па бараку да сваіх ложкаў.
Сідараў ложак у самым куце ля акна. Акно зіма акасмаціла лёдам і сьнегам, нічога праз акно ня відаць, толькі холадам яшчэ большым ад яго павявае. Холад асабліва непакоіць Сідаравага суседа. У суседа гэтага рука правая адарвана і хоць загаілася рана ўжо, але баіцца холаду. Сусед атрымаў з дому ліст, а прачытаўшы ня стаў, як рабіў гэта звычайна, пераказаваць напісанае ў лісьце Сідару, а паціху лёг у падушку тварам і доўга ляжаў так, час-ад- часу толькі смаркаўся ў левую жменю, выцягваў руку і дастаючы пад ложак, абціраў яе там аб сяньнік. Маўчаў. Але доўга маўчаць было цяжка, бо маўчаць значыла ня мець спачуваньня, а без спачуваньня цяжка зьмірыцца з тым, што здарылася. Ад таго ён хутка ўзьняўся з ложку і яшчэ ня ведаючы, што зрабіць, пайшоў каля ложкаў, паказваючы таварышом ліст.
— Вось… ваяваў, руку згубіў, — казаў ён, — а цяпер вось… — Чырвонаармейцы ўзьняліся з ложкаў, маўкліва чакалі, што ён