Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Нешта-ж ніколі ня бачна вас, — зьвярнулася да Панаса дзяўчына, — усе вы прападаеце дзесьці, ніколі не пагуляеце з намі. А ў нас учора вечарынка была, усю ноч скакалі!

— А-а, вось шкода, што я ня ведаў, я прышоў-бы.

— Другі раз прыходзьце, яшчэ будзе вечарынка.

— А ці прымуць-жа мяне дзяўчаты,

— Уга! Яшчэ як! І пакахаюць!

— Ну, дык прыду, абавязкова прыду, калі так.

— Глядзеце-ж…

З дому Панас пайшоў у сельсавет. Ішоў вуліцаю ля коопэратыву, спадзяваўся напаткаць каго з знаёмых. Ад коопэратыву, насустрач яму пайшла жанчына. Параўняўшыся з ім, жанчына загаварыла доўга і блытана пра хворае цялё, прасіла дазволу, каб зарэзаць яго на мяса і, гаворачы камечыла, пальцамі рог мультановае хусткі.

— Ты ў савет, цётка, схадзі, а я ня маю права даваць такога дазволу, гэта савет робіць.

Жанчына не хацела зразумець яго слоў. Яна яшчэ больш настойліва прасіла:

— Будзьце-ж так добрынькі, таварыш прадстаўнік, пашкадуйце ўжо мяне бедную, а то-ж ніяк я праўды не знайду. У каго, дык і зананадта тлуста, а каму дык і зусім трэба пасьціць. Дзе-ж яна праўда тая? Хто дык і сьвіней і цялят парэзаў, а я-ж, няхай людзі во’ скажуць, ня вораг які, усе сьвіньні жывыя, а цялё хворае трэція суткі ня сьсе, у рот ня можа ўзяць…

З боку падышоў мужчына. Ён заступіўся за жанчыну.

— Вы пасабеце ёй, таварыш, цялё ў яе гэтай нейкае нягеглае, клыкі ў яго, ці што, дык у роце само сябе паколе і ня бярэ ссаць, бо баліць… А так у яе ўся маемасьць не разбазарана, уся на месцы, як і была.

Падахвочаная словамі суседа, жанчына не адыходзіла.

— Вось-жа і суседзі ведаюць, — казала яна зноў, — які я ёсьць прыяцель савецкай улады, парасяці я нават не кранула, раз улада разбазарваць не дазваляе, а цялё-ж зусім хворае, зусім ня сьсе…

Тлумачэньняў Панасавых жанчына ня слухала, не хацела зразумець іх і Панас адышоў ад яе, параіўшы:

— Ідзі, цётка, у савет, да Камекі, а я зараз прыду туды, мо’ што зробім.