і аднесьлі ў хату Міронаву жонку. Стараста зачыніў у стопцы дзьверы і загадаў дзесяцкаму нікога туды ня пушчаць, пакуль ня прыедзе ўраднік. Лазара павялі ў воласьць. За ім на вуліцу выйшлі суседзі. Хлапчук стаяў пасярод двара маўклівы, з вялікім затоеным дзесьці ўнутры болем. Да яго падышла адна з жанчын і, пагладзіўшы па галаве, сказала:
— Асірацеў ты, хлопча, сіратою праз што зрабіўся… божачка мой…
Цёплая рука жанчыны адагрэла, растапіла застыглыя ў камячку пад горлам боль і сьлёзы і яны прарваліся. Хлапчук выпусьціў з зацятых вуснаў здушаны, скамечаны крык і хуценька пашоў з двара ў загуменні, трасучы над схіленай галавою плячыма.
Зышліся і скучыліся каля гасьцінцу кусты алешніку. Прыбраліся яны ў белыя мяккія вопраткі і пра нешта раяцца паміж сабою ціхімі, таемнымі шолахамі.
Угары парадзелі хмары. Зьвесіўся з хмары, зачапіўшыся адным рогам за край яе месяц і падглядае, што робяць кусты, асьвятляе белыя іхнія вопраткі.
Панас ішоў патупіўшы ў зямлю вочы, бачыў у гары збоку месяц і хаваў ад яго вочы, хацеў працягнуць далей жывую паску ўспамінаў. Але пад нагой затрашчаў тонкі лёд. З гэтым адразу зьнікла дрымота і дзесьці далёка ў памяці ўжо хавалася тое, што вось-вось было ўспомнілася. З поля падуў у твар Панасу халодны, калючы вецер. Панас яшчэ глыбей насунуў на галаву шапку, захаваў у запазуху пад паліто руку і пайшоў шпарчэй.
Спаў Панас позна і праснуўся тады, як за дзьвярыма яго пакою пачала пяяць дачка гаспадыні. Яна шоргала па памосьце ў сенцах дзеркачом і дыскантам выцягвала словы песьні:
А мой міленькі, голуб сізенькі,
Коніка-а-а сядлае…
Песьня абрывалася, шпарчэй шоргаў дзяркач, пасьля сьціхаў, і зноў пачыналася песьня. Панас прыслухаўся да песьні, зірнуў на гадзіньнік, спрытна апрануўся з выйшаў мыцца.