Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

колькі, зьбіраючы ў кучу. А табе за дзень паўтары рублі!.. Круцяць… Бачаць, што народ пачаў вазіць, дык цану ў момант зьнізілі… І заўжды так. Летась гліну на заводзе капалі, дык спачатку адну цану сказалі, а як плаціць, дык у іх ужо другая. А пастой жа ў гліне, папагніся, папакідай дзень рыдлёўкаю… Насілу праз суд свайго дамагліся… Я так разумею гэта, таварыш, што сьвет існаваць ня будзе, калі мужыка абдурваць ня будуць…

Гаворку ягоную перабіў бацька.

— Панас сход склікаць хоча, Камека нібы з кім гутарыў…

— Ды мо’ яны й сабраліся ў каго?

Сын неахвотна ўзьняўся, насунуў шлем, апрануў новы даўгі кажух і пашоў. А бацька, як вышаў сын, працягваў сынаву гаворку.

— Праўду ён, чалавеча, кажа. Абдурваюць мужыка… Цераз гэта і ня будзе нічога ў нас, бо няма нам сэнсу ніякага…

— Чаму так?

— А таму, што не да лепшага, як я думаю, гэта, а да горшага вядзе нас.

— Хто гэта вам сказаў?

— Сказалі… Ты, вядома, як партыйны з гораду, дык адно кажаш, што лепей будзе, а Камека свой, дурней трохі, дык запамятаў, мусіць, што яму з гораду даручалі гаварыць, дый сказаў нам праўду ўсю… Як спыталі бабы пра сьмятанку, ды маселка, каб варыва хоць забяліць, канешна, каб аладку ў сьвяты дзень памазаць, дык ён і сказаў: — Забудзьцеся, кажа, бабкі, на сьмятанку ды на маселка.

… Вось так і сказаў праўду горкую…

— Ды што ён здурнеў? Гэта глупства, бязглузьдзіца. Ня можа быць, каб ён такое казаў!..

— Можа яно і ня можа быць, а вось ён сказаў. Запамятаваў і сказаў праўду… І газэтку статутную мы чыталі, дык і ў газэтцы-ж тое: за хату, арэнду, за хлявы, арэнду, а прыбытак увесь у фонды…

— Ну, і нагаварыў-жа вам нехта, дык нагаварыў. Мана ўсё гэта.

— Хто-ж яе ведае, ці мана? Газэтка-ж піша…

— Ды дзе тая газэтка, хто яе чытаў?

— Чыталі. Каля млыну чыталі, як быў вось на днях…