— Пачнем, — адказвае Клемс, — я скажу троху, ды табе слова дам.
Як даехалі да канца і завярнулі коняй, малады хлапец, што ішоў з трэцяй парай, паставіў плуг і пабег да людзей на верхавіну ўзгорку. Бягучы крыкнуў:
— Таварышы! Ды калі-ж такое было у нас! Ура!..
Узмахнуў абеімі рукамі, падкінуў угару шапку. А Галіна з узгорку замахала яму сьцягам. І тады гарачым камячком падпаўзьлі да горла ў Панаса словы, якія прадумаў яшчэ, як ішоў за плугам і хочуць вырвацца ўсе разам і, як мага хутчэй на волю.
Па полі непадалёк ад узгорку, цягнучы маліцьвенную мэлёдыю ішла з прошчамі процэсія. Як падышлі ўсе аратыя да гасьцей на ўзгорак, Клеме паказаў на процесію рукой.
— З богам ужо супроць нас пайшлі. — Сказаў ён. І за гэтымі словамі пачаў сваю прамову: — Яны з прошчамі, з крыжамі супроць нас ідуць, а што мы? Хіба на дрэннае, што мы пайшлі? Мы з пакуты вылезьці хочам, шчасьця хочам сабе і другім, хочам, каб крыху хоць радасьней жыць. Дык чаму-ж і гэта іхнаму богу не да спадобы? Чаму яму хочацца, каб век свой увесь мы пакутвалі, як бацькі, як дзяды нашыя?..
Гаворыць Клемс, трымаецца правай рукой за сарочку на грудзёх. Рука дражыць, дрыжаць і ногі на нагах трасуцца шырокія белыя нагавіцы.
— Дык-жа ня трэба і багі нам! — кажа Клемс. — Яны сьвянцонай вадою абпырскваюць сваё поле ад нас, каб не пайшло хаця пошасьці ад нас жыцьця колгаснае і на іхнае поле, але не адсьвенцяцца, пойдзе яно, па ўсім полі пойдзе, па ўсёй зямлі пойдзе, бо захацеў чалавек лепшага, чаго ўвекі ня бачыў… Пойдзе яно па ўсёй зямлі!.. А цяпер засьпявайма Інтэрнацыянал.
І кволым, хрыплым голасам адзін прапеў першыя словы гімну. А за ім уздыхнулі ўсе і дружна падхапілі моцнымі галасамі:
Паўстань, хто з голаду век пух!..
З узгорку несьліся насустрач сонцу словы гімну, слаліся над сумнымі палявымі прасторамі, заклікалі. Далёка ў полі ішоў чалавек. Ён пачуў сьпеў, спыніўся, прыслухаўся і праз поле, праз леташнюю восеньскую ральлю пабег насустрач сьпеву.